Музейныя камунікатыўныя праграмы

Музейная камунікатыўная праграма «Табе, нашчадак, у добры дар…» па тэме «Будаўніцтва Мірскага замка вачамі архітэктара ў  XVI  стагоддзі» рэалізуецца у музеі Замкавы комплекс «Мір», а менавіта ў экспазіцыйных залах Паўднёва-заходняй вежы і ў двары замка.

У час правядзення занятка дзеці апісваюць Мірскі замак, атрымліваюць першаснае ўяўленне аб прафесіі архітэктара, даведваюцца, калі і чаму ў маршалка надворнага нарадзілася ідэя ўзвесці каменны будынак.

Асноўныя этапы ўзвядзення замка «паўстаюць» перад вачыма ўдзельнікаў падчас ролевай гульні. Праз дыялог паміж «памочнікамі» і «Галоўным майстрам», а таксама праз яго паводзіны, жэсты, змену інтанацыі ствараецца вобраз архітэктара пачатку XVI стагоддзя.

Дзеці на музейным занятку набываюць вопыт даследчай дзейнасці «аглядаючы» асноўны будаўнічы матэрыял, вымяраючы замак сажнем, локцем, пяддзю, выяўляючы архітэктурныя асаблівасці вежаў. Юным удзельнікам таксама даецца магчымасць «намаляваць» вобраз гаспадара замка – маршалка надворнага Вялікага Княства Літоўскага Юрыя Ільініча.

Занятак адрасаваны дзецям сярэдняга школьнага ўзросту і сямейным групам, праводзіцца з красавіка па кастрычнік уключна. Колькасць удзельнікаў да 10 чалавек у групе. Працягласць – 90 хвілін.

Замова занятка і ўваходных квіткоў на яго згодна папярэдняга запісу – тэл. 8-01596-2-32-32, 8-01596-28-2-90.


Музейная камунікатыўная праграма «Ад усяго сэрца самы лепшы пачастунак!» па тэме «Святочная страва для князя па старадаўнім рэцэпце» рэалізуецца ў музеі «Замкавы комплекс «Мір», а менавіта ў рэканструяваных памяшканнях «Кухонная ізба», «Кладоўка-важніца», «Сені», «Сталовая ізба».

На музейным занятку дзеці, аглядаючы рэканструяваныя кухонныя памяшканні ў замку, здзяйсняюць вандроўку ў мінулае. Даследуючы рэцэпт «святочнай стравы» для князя, выконваюць практычныя заданні: здрабняюць прыправы, адмерваюць неабходную колькасць прадуктаў згодна з рэцэптам, успамінаюць пах прыпраў. Час ад часу дзеці ўдзельнічаюць у гульнях: «марское падарожжа», «прыдумай упрыгажэнне стравы», «выкажы пахвалу».

Праграма адрасавана дзецям сярэдняга школьнага ўзросту (група да 25 чалавек). Працягласць занятка складае 90 хвілін.

Замова занятка і ўваходных квіткоў на яго згодна папярэдняга запісу – тэл. 8-01596-2-32-32,  8-01596-28-2-90.


Музейна-адукацыйная праграма «Капрызы моды ракако» па тэме «Асаблівасці жаночага касцюма XVIII ст.» рэалізуецца ў музеі «Замкавы комплекс «Мір», а менавіта ў экспазіцыйных залах Паўночнага корпусу (трэці паверх).

Удзельнікаў занятку сустракае музейны педагог у гістарычным касцюме і расказвае аб модзе, якое моднае адзенне насілі жанчыны ў ХVIII ст., з якіх дэталей складалася сукенка і якія прадметы дапаўнялі жаночы касцюм.

Падчас занятку дзецям даецца магчымасць памераць некаторыя дэталі адзення. Юныя ўдзельнікі вывучаюць «мову веера», даведваюцца, як распаўсюджвалася мода ў ХVIII ст. У канцы занятка кожны атрымлівае заданне і эскіз жаночага касцюма.

Занятак разлічаны на навучэнцаў 5 -8 класаў (група да 10 чалавек), працягласць – 90 хвілін.

Замова занятка і ўваходных квіткоў на яго згодна папярэдняга запісу – тэл. 8-01596-2-32-32,  8-01596-28-2-90.

Для вучняў 5 – 7 класаў прапаноўваецца музейны камунікатыўны занятак “У абарону сваёй зямлі” па тэме: “Арганізацыя войска і вайсковая справа ВКЛ у XVI ст.”

Падчас музейнага занятку дзеці даведваюцца аб складзе паспалітага рушэння – войска ВКЛ, а таксама пра пасады: гетмана і харунжага. Разважаюць над важнасцю харугвы (сцяга). Знаёмяцца з рознымі відамі засцерагальнага ўзбраення і зброяй.

На занятку дзеці фарміруюць з дапамогай выяў баявыя атрады; уяўляюць сябе ў ролі воінаў ВКЛ, утвараюць баявую адзінку – харугву, вучацца апранаць даспех, трымаць меч і шчыт; эксперыментуючы, вызначаюць розніцу гафрыраванага даспеха ад звычайнага.

Музейны занятак разлічаны для групы да 10 чалавек. Працягласць занятку – 90 хвілін.

Замова занятка і ўваходных квіткоў на яго згодна папярэдняга запісу – тэл. 8-01596-2-32-32,  8-01596-28-2-90.