Фонды
Фонд музея «Замкавы комплекс «Мір» налічвае 2132 адзінак асноўнага і 2571 адзінак навукова - дапаможнага фонду. Камплектаванне музейнага фонду ажыццяўляецца шляхам набыцця прадметаў музейнага значэння (закупка), атрымання прадметаў у дар ад фізічных альбо юрыдычных асоб, а таксама падчас музейных экспедыцый, выканання копій па замове музея і г.д. Асноўны фонд размеркаваны паміж 14 калекцыямі, найбольш значныя з якіх «Прадметы інтэр'еру», «Прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», «Нумізматыка», «Пісьмовыя крыніцы», «Археалогія», «Прадметы побыту», «Адзенне і аксэсуары».
Прадметы інтэр'еру, адна з найбагацейшых калекцый музея, якая ўключае прадметы вытанчанай мэблі ў стылі Людовіка XIV і скрыні з масіўнымі металічнымі пераплеценымі стужкамі, выкананымі майстрамі XVI - XIX стст., гасціныя гарнітуры ў стылі «нэаракако» і больш позняга часу «арт - дэко» і «мадэрн», а таксама рэдкія падсвечнікі і рамкі для фотаздымкаў.
Мэблевы гарнітур з 5 прадметаў; Заходняя Еўропа; кан. XIX - пач. XX стст.
Гасціны гарнітур з 5 прадметаў; Францыя; кан. XIX ст.
Касанэ (куфар); Францыя; XVII - пач. XVIII стст.
Стол у стылі Людовіка XIV; Францыя; 2-я пал. XIX ст.
Крэсла князя Міхаіла Святаполк-Мірскага; Хмель І.С .; 1934
Калекцыя археалогіі - кафля XVI ст. і больш позняга часу, знойдзеная падчас правядзення археалагічных работ.
Кафля з раслінным арнаментам; Беларусь; кан. XVI - 1-я пал. XVII стст.
Кафля з паліхромным раслінным арнаментам; Беларусь; кан. XVI - 1-я пал. XVII стст.
Нумізматычная калекцыя - старадаўнія манеты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай (орты, грошы, паўгрошы, талеры, двудзенары, шэлягі, чворакі, траякі); а таксама заходнееўрапейскія манеты XVII - XVIII стст.
Збор старадрукаваных кніг - у музейнай экспазіцыі прадстаўлена кніга «Цыцэрон»; Парыж; 1554 г. Між старонак старадаўняй кнігі ў скураной вокладцы, якая прадстаўляе прамовы славутага рымскага прамоўцы Цыцэрона, былі знойдзеныя некалькі пажоўклых лісткоў, якія на працягу 240 гадоў праляжалі ў гэтай кнізе і нейкім цудам захаваліся - канспекты Навагрудскіх студэнтаў 17 стагоддзя, якія зваліся тады «шкалярамі». Чарнілы не выцвілі, тэксты лёгка прачытаць. Запіс Езуіцкай бібліятэкі Навагрудка;
Разнастайнай па тэматыцы з'яўляецца калекцыя дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва: унікальныя ўзоры шпалернага мастацтва заходнееўрапейскіх майстроў, фрагменты паясоў Слуцкага тыпу 70-80-я гг. XVIII стст., кэса (шаўковая шпалера) кітайскіх майстроў правінцыі Хэнань, кітайская фарфоравая пластыка, шкатулкі, табакеркі.
Шпалера (на тэму Траянскай вайны); к. XVII - пач. XVIII стст.
Шпалера «Трыумф Готфрыда Булёнскага і здача Альтамора»
Шпалера з выявай шматфігурнай жанравай сцэны з антычнай гісторыі; Фландрыя, Брусэль (?); 2-я пал. XVII ст.
Кітайская фарфоравая пластыка «Восем бессмяротных»; Дынастыя Цын (1644-1911).
У фондах музея ў калекцыі «Адзенне і аксэсуары» захоўваюцца рэдкія прадметы жаночага туалета, складныя вееры са слановай косці, французскія бальныя чаравічкі, цыліндр мужчынскі з чорнага шоўку фірмы «Georg Kraml & Sohn», французская сукенка вольнага крою з залацістымі карункамі.
Сукенка; Францыя; кан.XIX - пач. XX стст.
Пальчаткі жаночыя; 1-я пал. XIX ст.
Калекцыя «Прадметы побыту» прадстаўлена ўзорамі заходнееўрапейскага фарфору мэйсэнскай мануфактуры, прадметамі посуду, выкананымі на прыватных фарфоравых вытворчасцях братоў Карнілавых і братоў Кузняцовых, вырабамі з керамікі, прадметамі алавянага, меднага і срэбнага посуду.
Сервіз; Фарфоравы завод братоў Карнілавых; Расійская Імперыя; 1861 - 1884 гг.
Чайна-кававы сервіз; Германія; 1880-я гг.
Пісьмовы набор; Расія; 1900 - 1910 гг.
Набор для лікёру ў пастаўцы; Францыя; 2-я пал. XIX ст.
Медны посуд; пач.ХХ ст.