Сусветная спадчына
Мірскі замак адносіцца да ліку 981 (па дадзеных 38 сесіі Камітэта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА) аб’ектаў ва ўсім свеце, прызнаных у адпаведнасці з Канвенцыяй аб ахове сусветнай спадчыны 1972 г. «універсальнай каштоўнасцю».
Мірскі замак быў уключаны ў Спіс Сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны на пасяджэнні Камітэта Сусветнага спадчыны, якое праходзіла ў г. Кэрнс (Аўстралія) у 2000 г. Дзякуючы гэтым падзеям Мірскі замак, нацыянальны сімвал Рэспублікі Беларусь, стаў вядомы далёка за межамі нашай краіны . Аб’ект з’яўляецца самым характэрным і выразным з сярэднявечных замкаў Беларусі. Ступень захаванасці яго каменных канструкцый, узведзеных на першым этапе будаўніцтва (у пачатку XVI ст.) найлепшая ў параўнанні з аналагічнымі аб’ектамі.
Мірскі замак быў уключаны ў Спіс Сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны:
- як выдатны ўзор цэнтральна-еўрапейскага замка, які адлюстроўвае паступовую змену культурных стыляў (готыкі, рэнесанса, барока);
- нагляднае адлюстраванне ў форме і знешнім выглядзе ансамбля доўгай гісторыі палітычных і культурных супрацьстаянняў і узаемадзеянняў.
У ліпені 2002 г. у рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь Мірскі замак наведаў Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацуура.
19 красавіка 2014 г. у рамках афіцыйнага візіту ў Беларусь Мірскі замак наведала Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава.