Зварот дырэктара

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Шаноўныя сябры!

Мы рады, што Вы наведалі наш сайт. Застаецца спадзявацца на хуткую сустрэчу не толькі ў віртуальнай рэальнасці.

Сардэчна запрашаем у наш утульны куток даўніны - у велічны і ўнікальны Мірскі замак, дзе мінулае сустракаецца з сучаснасцю, а шпілі старадаўніх вежаў скіраваны ў будучыню.

За плячыма дарога даўжынёю ў пяць стагоддзяў: войны, разбурэнні і, нарэшце, - адраджэнне архітэктурнага шэдэўра Беларусі, яго ўключэнне ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА!

Нашы супрацоўнікі з вялікім задавальненнем раскажуць Вам пра гісторыю комплексу і яго ўладальнікаў, дапамогуць акунуцца ў атмасферу магнацкага жыцця і дакрануцца да жывога подыху стагоддзяў. У залях і фондах Мірскага замка беражліва захоўваюцца ўнікальныя экспанаты для будучых пакаленняў.

Сёння наш музей з'яўляецца адным з самых шматпрофільных культурных устаноў краіны: да паслуг наведвальнікаў камфартабельны гатэль, рэстаран з арыгінальнымі рэцэптамі старабеларускай кухні, дзве канферэнц-залі для правядзення мерапрыемстваў на высокім узроўні, сувенірная крама з вырабамі беларускіх майстроў.

Мірскі замак – не проста нацыянальнае багацце Беларусі, ён турыстычны брэнд, цэнтр прыцягнення сотняў тысяч турыстаў з усяго зямнога шара.

Мы хочам, каб аднойчы наведаўшы наш музей, Вы захацелі вяртацца сюды зноў і зноў.

У Мірскім замку Вас заўсёды чакаюць, тут Вам заўсёды рады!

Сардэчна запрашаем!

Да хуткай сустрэчы!

Дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Часлававіч Лойка.