Агульная гісторыя
Замкавы комплекс «Мір» XVI–XX стст. у г.п. Мір – гісторыка-культурная каштоўнасць нацыянальнага значэння і сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Упершыню паселішча Мір згадваецца ў 1434 г., калі становіцца прыватным маёнткам гаспадарскага маршалка Сенькі Гедыгольдавіча. У 1451 г. Мір пераходзіць да Ганны Бутрымаўны, яго прыёмнай дачкі. У 1476 г. Ганна перадае Мір у пажыццёвае валоданне жонцы Сенькі Гедыгольдавіча – Мілохне, а пасля яе смерці – стрыечнаму брату Юрыю Іллінічу, пры якім у 20-я гг. XVI стст. пачалося ўзвядзенне замка.
Ваколіцы Міра на карце Т. Макоўскага. Выданне 1613 г., Амстэрдам
Для будаўніцтва такога магутнага фартыфікацыйнага збудавання ў гаспадара Міра былі важкія прычыны. У пачатку XVI ст. на землі ВКЛ пачасціліся набегі крымскіх татараў. Няўстойлівая палітычная сітуацыя абвастралася варожасцю паміж феадальнымі групоўкамі ўнутры дзяржавы. У прыватнасці, Іллінічы былі ў непрыязных адносінах з вельмі магутным і ўплывовым ў палітычных вярхах ВКЛ кн. Міхаілам Глінскім. Існавала і яшчэ адна немалаважная прычына будаўніцтва замка. Юрый Іллініч імкнуўся атрымаць графскі тытул Свяшчэннай Рымскай імперыі, а адным з неабходных умоў для гэтага была наяўнасць ва ўласнасці каменнага замка.
На першым этапе будаўніцтва было ўзведзена пяць вежаў, злучаных сценамі, таўшчыня якіх ля падмурка дасягала трох метраў. Усе вежы былі спланаваны як самастойныя вузлы абароны. Яны ўзводзіліся з такім разлікам, каб было зручна весці флангавы агонь уздоўж сцен і паражаць цэль на подступах да іх. Кожная вежа вышынёй каля 25 метраў мела па пяць баявых ярусаў з байніцамі і складаную сістэму ўнутраных пераходаў.
Гаспадары замка – Іллінічы – не змаглі закончыць будаўніцтва. За сорак гадоў іх род поўнасцю згас. Незадоўга да сваёй смерці ўнук заснавальніка замка Юрый Іллініч-малодшы завяшчаў Мірскае графства з замкам і графскім тытулам свайму стрыечнаму брату Мікалаю Крыштафу Радзівілу па мянушцы «Сіротка». Такім чынам, уладальнікам замка стаў прадстаўнік магутнага роду Радзівілаў. Ён вырашыў зрабіць замак адной са сваіх рэзідэнцый. Па распараджэнні князя пры паўночнай і ўсходняй сценах былі ўзведзены трохпавярховыя палацавыя карпусы і перабудаваны тры вежы, што прымыкалі да іх. Вакол замка былі насыпаны земляныя ўмацаванні, якія ўяўлялі сабой няправільны па форме чатырохграннік з невялікімі бастыёнамі па вуглах. За землянымі валамі быў выкапаны роў, які запаўняўся вадой.
Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» (1549–1616)
У канцы XVI ст. бастыённыя ўмацаванні Мірскага замка страцілі сваю актуальнасць. Па невядомых прычынах Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка» адмовіўся ад грунтоўнай мадэрнізацыі Мірскага замка, і пасля ўзвядзення магутнага бастыённага замка ў Нясвіжы ў канцы XVI – пачатку XVII ст. рэзідэнцыя была перанесена туды. Мірскі замак стаў свайго роду загараднай рэзідэнцыяй. Сцены трохпавярховага палаца і трох вежаў былі атынкаваны і пафарбаваны ў ружовы колер. Аконныя і дзвярныя парталы былі выкананы з шэрага песчаніка, што прывозілі з Галіцыі. Метал выкарыстоўваўся для ўпрыгожвання дзвярэй, вадасцёкаў, калодзежаў, флюгераў.У скляпеннях і на першым паверсе палаца знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і каморы, на другім паверсе размяшчаліся адміністрацыя Мірскага графства, замкавы суд, канцылярыя, а на трэцім – жылыя памяшканні гаспадароў.
Побач з замкам у пачатку XVII ст. быў разбіты італьянскі сад.
Замак у Міры. Карціна К. Русецкага, сяр. XIX ст.
Паўднёва-заходняя і Уязная вежы, паўднёвая і заходняя сцены замка, якія не прымыкалі да новых карпусоў, былі пакінуты без зменаў.
Пасля гэтых бурных пераўтварэнняў замак на некалькі дзесяцігоддзяў пагрузіўся ў мірнае жыццё, якое абарвала вайна паміж Рэччу Паспалітай і Рускім царствам. У 1655 г. Мірскі замак быў спустошаны казакамі Івана Залатарэнкі і войскам ваяводы Аляксея Трубяцкога.
Каля 30 гадоў замак прастаяў у запусценні. І толькі ў 1680 г. Катажына (Кацярына) Радзівіл з роду Сабескіх пасля смерці мужа Міхаіла Казіміра прыступіла да аднаўленчых работ. Аднак Паўночная вайна 1700–1721 гг. спыніла на доўгія гады яе справу. У красавіку 1706 г. у Мір уварваліся войскі шведскага караля Карла XII. Было разбурана ўсё, што нядаўна паспелі аднавіць.
У пачатку XVIII ст. былую раскошу замку вярнуў яго новы ўладальнік – князь Міхаіл Казімір Радзівіл па мянушцы «Рыбанька». Былі перароблены пакоі трэцяга княжацкага паверха. Замест аднатыпных, галоўным чынам квадратных, у плане памяшканняў з’явілася анфілада залаў розных памераў. Для гэтага перарабляліся ўнутраныя перагародкі, мяняўся накірунак лесвіц. Парадная, Партрэтная і Танцавальная залы ўпрыгожваліся дубовай паркетнай падлогай, залачонай распісной і разной столлю, цудоўнай мэбляй работы мясцовых майстроў, шпалерамі, карцінамі, фарфоравымі і фаянсавымі вырабамі.
Адзін з сыноў «Рыбанькі», князь Караль Станіслаў па мянушцы «Пане Каханку», з 1754 па 1762 гг. жыў у Мірскім замку, ладзячы тут шыкоўныя балі і склікаючы шматлікіх гасцей на паляванне. Пасля яго смерці ў 1790 г. усе спадчынныя ўладанні перайшлі да пляменніка – князя Дамініка Гераніма Радзівіла, які ў час вайны 1812 г. выступіў на баку Напалеона. Смяротна паранены ў баі, Дамінік памёр у 1813 г. Яго маёнткі імператарскім распараджэннем ад 17 сакавіка 1814 г. былі падзелены на дзве часткі. Адну частку разам з Мірам і Нясвіжам атрымаў траюрадны брат Дамініка, князь Антоній Радзівіл, другую – дачка Дамініка – Стэфанія, якая ў 1828 г. выйшла замуж за царскага ад’ютанта графа Льва Пятровіча Вітгенштэйна, сына героя вайны 1812 г. Судовыя разборы паміж імі і Радзівіламі наконт земляў Мірскага графства закончыліся толькі ў 40-х гг. XIX ст. Мірскія ўладанні па рашэнні спецыяльнай камісіі перайшлі да Льва Вітгенштэйна, які жыў на той момант у Германіі. Аднак валодаць замкам яго нашчадкам давялося нядоўга. Згодна з расійскім законам 1887 г. замежнікі (а такімі з’яўляліся Вітгенштэйны і, у прыватнасці, іх дачка Марыя Гагенлоэ-Шылігнгсфюрст) валодаць землямі на тэрыторыі Расійскай імперыі не маглі, таму вымушаны былі іх прадаць.
Замак у Міры. Н. Орда, 1860–1870 гг.
У 1891 г. Мірскія землі і замак купіў наказны казачы атаман Войска Данскога, князь Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі. Хутчэй за ўсё, князя прыцягвала назва мястэчка. Прыехаўшы ў Мір, князь Мікалай Святаполк-Мірскі ўзяўся за справу з вялікім энтузіязмам: на супрацьлеглым ад замка боку сядзібы быў узведзены двухпавярховы палац, пабудаваны спіртавы завод і ўладкаваны вадаём, які стаў неад’емнай часткай англійскага пейзажнага парку.
Пры старэйшым сыне князя Мікалая – Міхаіле – у 1922 г. пачаліся работы па аднаўленню Мірскага замка. Яны працягваліся 16 гадоў. За гэты час была адрамантавана частка Усходняга корпуса палаца і дзве вежы. Князь Міхаіл Святаполк-Мірскі пражыў у замку да 1938 г., да сваёй смерці. Ён быў пахаваны ў царкве-пахавальні, пабудаванай у пачатку XX ст. у пейзажным парку па распараджэнні маці – княгіні Клеапатры Міхайлаўны Святаполк-Мірскай.
Замак з боку возера. 1920-я гг.
У 1939 г. у мястэчка Мір увайшлі войскі Чырвонай Арміі. У замку з’явіліся новыя гаспадары. У сярэднявечных сценах была ўтворана вытворчая арцель.
У часы Вялікай Айчыннай вайны з мая па жнівень 1942 г. у замку знаходзілася гета. Гітлераўцы расстралялі яўрэяў 13 жніўня 1942 г. у лесе непадалёку ад Міра.
Калона нямецкіх аўтамашын. 1941 г.
Пасля вызвалення Беларусі ў ліпені 1944 г. у замку знайшлі прытулак жыхары мястэчка Мір, чые дамы разбурыла вайна. Апошняя сям’я выселілася з замка ў 1962 г.
У 1983 г. у замку пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У 1987 г. Мірскі замак стаў філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1988 г. быў прыняты Дэкрэт Урада БCCР «Аб статусе Мірскага замка як гісторыка-культурнай каштоўнасці нацыянальнага значэння». У 1989 г. зацверджаны новы праект рэстаўрацыі замка, у якім было прадугледжана размяшчэнне музейнай экспазіцыі.
У кастрычніку 1992 г. была адкрыта першая музейная экспазіцыя ў Паўднёва-заходняй вежы. У 1994 г. Мірскі замак атрымаў дыплом, медаль і сцяг грамадскай еўрапейскай арганізацыі «Europa Nostra» за даследаванні, рэканструкцыю і частковую рэстаўрацыю помніка архітэктуры. У снежні 2000 г. Замкавы комплекс «Мір» быў уключаны ў Спіс помнікаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Падчас рэстаўрацыі
16 снежня 2010 г. пасля рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ адбылося ўрачыстае адкрыццё Замкавага комплексу «Мір».
1 красавіка 2011 г. – Мірскі замак атрымаў статус самастойнага музея.
Мірскі замак, пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя, перажыў цэлы шэраг гістарычных эпох, насычаных палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі падзеямі і з’яўляецца не толькі выдатным прыкладам замкавага дойлідства Беларусі XVI–XX стст., але і знакавым сімвалам нацыянальнай спадчыны незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
Сучасны выгляд замка