Уладальнікі

Іллінічы

 

Юрый Іванавіч Іллініч (?–1526) Валодаў Мірам з 1486 г. Пры ім у перыяд каля 1522–1526 гг. вялося будаўніцтва замка, якое на момант яго смерці не было завершана. Услед за бацькам памёр другі сын Юрыя – Мікалай, не дажыўшы да падзелу бацькоўскай маёмасці, а старэйшы сын Ян быў пазбаўлены спадчынных правоў за тое, што «бацьку свайму прыносіў вялікія нягоды і непрыемнасці».
Трэці сын Юрыя – Станіслаў (каля 1500–1531) валодаў Мірскім замкам з 1527 г. У 1531 г. ён памёр маладым і нежанатым. Быў атручаны жонкай свайго слугі Навіцкага. Суд прысудзіў вінаватай спаленне, а прысуд здзейсніў брат нябожчыка Шчасны.
Пасля смерці Станіслава спрэчку за мірскія землі разгарэлася паміж яго братамі Янам (каля 1495–1536) і Шчасным (Феліксам) (каля 1505–1542). Мірскі замак дастаўся Шчаснаму, а мірскія землі былі аддадзены Яну.
Сын Шчаснага Іллініча і Соф’і Радзівіл – Юрый Шчаснавіч (каля 1535 – каля 1569) валодаў замкам з 1542 г. і ў канцы жыцця перадаў яго свайму стрыечнаму брату Мікалаю Крыштафу Хрыстафору (Крыштафу) Радзівілу па мянушцы «Сіротка».

Радзівілы

Мікалай Хрыстафор Радзівіл «Сіротка» (1549–1616)

Выдатны дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Страсбургу і Цюбінгене, падарожнічаў па шматлікіх краінах, у 1583 г. здзейсніў паломніцтва ў Іерусалім, якое апісаў у кнізе. Удзельнік аблогі Полацка (1579) і Пскова (1581). 1579 – вялікі маршалак, 1586 – каштэлян, 1590 – ваявода трокскі, 1604 – ваявода віленскі. Падтрымаў Брэсцкую унію. У 1579 г. падараваў Міру прывілей на няпоўнае Магдэбургскае права. У 1586 г. заснаваў з братамі Нясвіжскую, Алыцкую і Клецкую ардынацыі. Перабудаваў Нясвіж, заснаваў езуіцкі калегіум і некалькі манастыроў. Па яго ініцыятыве ў Мірскім замку быў пабудаваны трохпавярховы палац уздоўж паўночнай і ўсходняй сцен. Быў жанаты на Эльжбеце (Лізавеце) Вішнявецкай (1569–1596), якая нарадзіла шасцёра сыноў і трох дачок.

 

 

 

Ян Юрый Радзівіл (1588–1625)

Старэйшы сын Мікалая Хрыстафора Радзівіла «Сіроткі». Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Нясвіжа і Аўгсбурга. Падарожнічаў па Германіі і Італіі. У 1613 г. атрымаў пасаду кашталяна трокскага. У 1619 г. адправіўся ў падарожжа па Еўропе, у час якога пабываў у Падуанскім і Балонскім універсітэтах ў Італіі. Быў жанаты на Элеаноры Астрожскай. У апошні год яго жыцця ў ВКЛ распаўсюдзілася чума («моравае паветра»), якая не абмінула і Мір. Праз год, у памяць аб той бядзе, на Рынкавай плошчы ў мястэчку была пастаўлена капліца, разбураная ў 1940 г. Магчыма, ад чумы памёр і сам Ян Юрый, паколькі ў той час яму было толькі 37 гадоў.

 

 

 

 

Жыгімонт Караль Радзівіл (1591–1642)

Сын Мікалая Хрыстафора Радзівіла «Сіроткі». Вучыўся ў Балонні. У 1612 г. уступіў у Мальтыйскі рыцарскі ордэн. У 1614 г. узначаліў Сталавіцкую камандорыю, заснаваную для яго бацькам. Жыгімонт Караль удзельнічаў у бітве пад Хоцінам (1621), у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600–1629), з Маскоўскай дзяржавай (1632–1634), Трыццацігадовай вайне ў Германіі. Шматразова з’яўляўся паслом на сеймах. У Міры быў апошні раз у лютым 1635 г. У 1636 г. выехаў лячыцца за мяжу. Памёр і пахаваны ў Асізі (Італія).

 

 

 

 

 

Аляксандр Людвік Радзівіл (1594–1654)

Малодшы сын Мікалая Хрыстафора Радзівіла «Сіроткі». Адукацыю атрымаў у Нясвіжы і Германіі. Займаў пасады брэсцкага ваяводы і вялікага маршалка ВКЛ. У 1621 г. удзельнічаў у разгроме турэцка-татарскай арміі падчас бітвы пад Хоцінам. У 1632–1634 гг. браў удзел у вайне з Рускаю дзяржаваю за Смаленск. 
З 13 дзяцей, якіх яму нарадзілі тры жонкі, жывымі засталіся пяцёра: тры дачкі і сыны Міхаіл Казімір і Дамінік Мікалай. Памёр Аляксандр Людвік у 59-гадовым узросце ў Балонні, дзе знаходзіўся на лячэнні. Яго сын Міхаіл Казімір перавёз труну з целам свайго бацькі ў Нясвіж і пахаваў у радавой пахавальні.

 

 

 

Міхаіл Казімір Радзівіл (1635–1680)

Сын Аляксандра Людвіка Радзівіла. Пачатковую адукацыю атрымаў у Нясвіжы. З 1648 г. удзельнічаў у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Пасля атрымання сваёй першай дзяржаўнай пасады – стольніка вялікага літоўскага – разам з бацькам здзейсніў вандроўку па Еўропе, падчас якой доўга знаходзіўся ў Балонні, дзе вучыўся ва ўніверсітэце. У 1654 г. атрымаў у спадчыну Нясвіжскую ардынацыю і заняўся ўмацаваннем Нясвіжа і замка. Праз два гады пасля смерці бяздзетнага дзяцькі, Альбрэхта Станіслава Радзівіла, атрымаў у спадчыну Алыцкую ардынацыю.
Міхаіл Казімір быў католікам, вывучаў дагматы рэлігіі, меў схільнасць да навук. У 1658 г. яго жонкаю стала Катажына Сабеская, сястра караля Яна Сабескага. У шлюбе нарадзілася сямёра дзяцей.

 

 

 

Караль Станіслаў Радзівіл (1669–1719)

Сын Міхаіла Казіміра Радзівіла. Вучыўся ў Любліне, падарожнічаў па Аўстрыі, Італіі, Францыі, Англіі і Партугаліі. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1689). З 1690 г. – падканцлер, з 1698 г. – канцлер ВКЛ. Пасол на соймах. У час Паўночнай вайны спрабаваў лавіраваць паміж Аўгустам II і Станіславам Лышчынскім. У барацьбе магнацкіх груповак імкнуўся заставацца нейтральным. Падтрымліваў уніяцкую царкву, заснаваў некалькі цэркваў, а таксама манастыр базыльян у Міры. Быў жанаты на Ганне Катажыне з роду Сангушак. У шлюбе нарадзілася 16 дзяцей.

 

 

 

 

 

Міхаіл Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702–1762)

Сын Караля Станіслава Радзівіла. Ардынат нясвіжскі і алыцкі. Польны гетман (1735–1744), гетман ВКЛ (1744), трокскі кашталян (1735–1737) і ваявода (1737–1742), віленскі кашталян (1742), з 1744 – ваявода. Найбагацейшы магнат Рэчы Паспалітай. Пасол на соймах. Быў узнагароджаны ордэнамі св. Губерта (1722), Белага Арла (1729), св. Андрэя Першазванага (1758). Разам з маці заснаваў мануфактуры ткацтва ў Нясвіжы, Слуцку і Карэлічах, па вырабу шкла ў Налібоках і Урэччы, фаянсу ў Свержані. Пры ім у Мірскім замку на новы лад былі перароблены пакоі трэцяга паверха палаца. З’явіліся Парадная і Партрэтная залы, зала для танцаў.
Міхал Казімір быў жанаты двойчы: першы раз – на Францішцы Уршулі Вішнявецкай (1705–1753), другі раз – на Ганне Мыцельскай (1729–1771).

 

 

 

Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» (1734–1790)

Сын Міхаіла Казіміра Радзівіла і Францішкі Уршулі з Вішнявецкіх. Вучыўся ў Нясвіжскім калегіуме езуітаў. Шмат разоў быў паслом на соймах. Маршалак трыбунала ВКЛ (1755), мечнік (1752–1762). У 1762 г. пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну не толькі яго ўладанні, але і пасаду віленскага ваяводы. Аднак неўзабаве ўсяго пазбавіўся, выступіўшы супраць новага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Двойчы цярпеў паражэнні ад расійскіх войскаў, выехаў за мяжу. Шмат гадоў жыў у эміграцыі, але памірыўшыся з Кацярынай II і польскім каралём, вярнуўся на Радзіму. Адрозніваўся неўраўнаважаным характарам і экстравагантнымі выхадкамі. Быў двойчы жанаты: на Марыі з Любамірскіх і Тэрэзе Ржэвускай, не меў дзяцей і памёр у Бялай у 1790 г. Спадкаемцам ардынацыі стаў чатырохгадовы пляменнік Дамінік.

 

Дамінік Геранім Радзівіл (1786–1813)

Сын малодшага брата «Пане Каханку» Гераніма Радзівіла (1759–1786) і княгіні Соф’і фон Турн-і-Таксіс (1758–1808). На момант яго паўналецця ўладанні Радзівілаў увайшлі ў склад Расійскай імперыі, і князь прынёс прысягу Аляксандру I. Аднак у снежні 1810 г. уступіў у войска княства Варшаўскага і на ўласныя грошы ўзброіў полк уланаў, з якім прымаў удзел у вайне 1812 г. на баку французаў.
Быў жанаты двойчы: на Ізабэле Мнішак (1790–1852) і Тэафіліі Мараўскай (1791–1828), ад якой меў сына Аляксандра (1808–1859) і дачку Стэфанію (1809–1832). Памёр ад ран, атрыманых у бітве пад Ганаў, у 1813 г.

 

 

 

Вітгенштэйны

Леў Пятровіч Вітгенштэйн (1799–1866)

Леў Вітгенштэйн, сын героя Айчыннай вайны 1812 г. Пятра Хрысціянавіча Вітгенштэйна, у 1828 г. узяў шлюб з князёўнай Стэфаніяй Радзівіл (1809–1832), дачкой кн. Дамініка і Тэафіліі Радзівіл. Пасагам нявесты сталі велізарныя зямельныя ўладанні. Паміж Вітгенштэйнамі і Радзівіламі пачаліся судовыя разбіральніцтвы з нагоды падзелу маёнткаў. Першая дамоўленасць была дасягнута на працягу года, але толькі значна пазней Мірскае графства было выдзелена са складу Нясвіжскай ардынацыі і ў 1840-х гг. перайшло да Вітгенштэйнаў.
Ад шлюбу са Стэфаніяй у Льва было двое дзяцей – сын Пётр (1831–1887) і дачка Марыя (1829–1898). Пасля смерці Стэфаніі Радзівіл граф неўзабаве ажаніўся на Леаніле Барацінскай (1816–1918). Большую частку часу муж і жонка праводзілі за мяжой, у Германіі, дзе Леў Вітгенштэйн заняўся аднаўленнем старажытнага радавога маёнтка сваіх продкаў.

 

Пётр Львовіч Вітгенштэйн (1831–1887)

Пётр Львовіч Вітгенштэйн, сын Льва Пятровіча Вітгенштэйна і Стэфаніі Радзівіл, нарадзіўся ў Фларэнцыі 10 мая 1831 г.
У 1854 г. атрымаў ад бацькі ўсе матчыны маёнткі ў кіраванне, у тым ліку і мірскія землі. Пасля смерці бацькі ў 1866 г. яму як старэйшаму сыну дасталіся і дзве ардынацыі: Дружнаселле (Пецярбургская губ.) і Каменка (Падольская губ.). Пятру Львовічу належаў амаль 1 мільён дзесяцін зямлі.
Ёсць звесткі, што кн. Вітгенштэйн быў жанаты на французскай актрысе Разаліі Леон, якая памерла за год да яго смерці і таму не магла ўдзельнічаць у працэсе падзелу спадчыны.
Пётр Львовіч Вітгенштэйн памёр у Францыі ў жніўні 1887 г. і быў пахаваны ў сямейным магільным склепе ў Дружнаселлі побач са сваёй маці.
Спадкаемцамі майаратных зямель і іншых шырокіх маёнткаў сталі яго родная сястра кн. Марыя Гагенлоэ і яго адзінакроўныя браты, сыны бацьку ад другога шлюбу з кн. Л.І. Барацінскай.

Марыя Львоўна Гагенлоэ-Шылінгсфюрст (1829–1897)

Марыя Львоўна Гагенлоэ-Шылінгсфюрст, дачка Льва Пятровіча Вітгенштэйна і Стэфаніі Радзівіл, пасля смерці брата Пятра атрымала значную спадчыну, якая складалася з 171 маёнтка ў Мінскай, Віленскай, Ковенскай і Віцебскай губернях. Кн. Марыя разам з сям’ёй пастаянна пражывала за мяжой. Яе муж, Хлодвіг Гагенлоэ, у 1874–1885 гг. быў паслом у Парыжы, затым намеснікам Эльзаса і Латарынгіі, а з 1894 – канцлерам Германіі.
Паводле расійскаму закону ад 14 сакавіка 1887 г. замежныя грамадзяне, якія мелі ўладанні ў межах Расійскай імперыі, павінны былі прадаць іх на працягу трох гадоў ад прыняцця закона альбо прыняць расійскае падданства. Гэтыя абставіны прымусілі сямейства Гагенлоэ-Шылінгсфюрст адмовіцца ад расійскіх уладанняў. Мірскія землі былі прададзены Святаполк-Мірскім.

 

 

 

Святаполк-Мірскія

Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі (1833–1898)

У 1891 г. кн. Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі, наказны атаман Войска Данскога, набыў у кн. Марыі Львоўны Гагенлоэ-Шылінгсфюрст маёнтак Замір’е з руінамі замка XVI ст. Адным з матываў набыцця Святаполк-Мірскімі гэтай спадчыны Радзівілаў было супадзенне назвы мястэчка з другой часткай прозвішча. Пад кіраўніцтвам кн. Мікалая Іванавіча было выкапана возера, пабудаваны ў парку двухпавярховы палац, у якім пасялілася сям’я князя. Мікалай Іванавіч памёр 15 ліпеня 1898 г. у сваім маёнтку Мір. Зямельная ўласнасць і ўсе маёнткі перайшлі да яго жонкі – кн. Клеапатры Міхайлаўны, з якой князь пражыў 30 гадоў.

 

 

 

 

Клеапатра Міхайлаўна Святаполк-Мірская (1845–1910)

Клеапатра Міхайлаўна Святаполк-Мірская, нар. Ханыкава – жонка кн. Мікалая Іванавіча Святаполк-Мірскага. Пасля смерці мужа ў 1898 г. у пажыццёвым яе валоданні знаходзіліся землі ў Мінскай, Падольскай, Кутаіскай, Наўгародскай губернях, а таксама каменны дом у Санкт-Пецярбургу. Клеапатра Міхайлаўна пажадала жыць у маёнтку Замір’е. Па яе распараджэнні ў 1904 г. пачалося ўзвядзенне радавой царквы-пахавальні на тэрыторыі англійскага пейзажнага парку, якое было завершана ў 1910 г. За шэсць гадоў да смерці ёю ў Санкт-Пецярбургскай натарыяльнай канторы было складзены тэстамент, паводле якога ўладальнікам маёнтка Замір’е пасля яе смерці станавіўся старэйшы сын Міхаіл.

 

 

 

Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі (1870–1938)

Нарадзіўся ў 1870 г. у Царскім Сяле. Вучыўся ў Елізаветаградскім юнкерскім вучылішчы. З 1897 па 1916 гг. прысвяціў жыццё дыпламатычнай кар’еры, знаходзячыся на службе пры амбасадах ў Канстанцінопалі, Пекіне, Стакгольме, Мюнхене, Сафіі, Лондане. У 1920–1930 гг. займаўся аднаўленнем Мірскага замка. Вёў адасоблены лад жыцця, не быў жанаты. Памёр у 1938 г. у Варшаве. Пахаваны ў радавой царкве-пахавальні ў Міры.

 

 Аляксандр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі (1899–1984)

Пасля смерці кн. Міхаіла Мікалаевіча ў ліпені 1938 г. замак у спадчыну атрымаў яго пляменнік – кн. Аляксандр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі, які быў усыноўлены дзядзькам 9 чэрвеня 1937 г. Ён прыехаў у Мір са сваёй жонкай Катажынай Бнін-Бнінскай. Аднак валодаць землямі Аляксандру Святаполк-Мірскаму давялося нядоўга. 15 кастрычніка 1939 г. ён быў арыштаваны, як сацыяльна небяспечны элемент, і быў заключаны ў папраўча-працоўны лагер тэрмінам на 8 гадоў. У студзені 1942 г. трапіў пад амністыю як польскі грамадзянін і быў вызвалены з-пад варты. Праз некалькі гадоў разам са сваёй сям’ёй эміграваў у Турцыю, а затым у Іспанію, дзе памёр у 1984 г. ва ўзросце 85 гадоў. Дачка Аляксандра і Катажыны памерла ў 5-гадовым узросце ў Іспаніі, дзе і пахавана. Сын Аляксандра, Андрэй, памёр у 2001 г. Ён і яго бацькі пахаваны ў Польшчы.