Сольны канцэрт Наталлі Гайды ў Мірскім замку

2024-09-14

14 верасня ў Партрэтнай зале Мірскага замка адбыўся доўгачаканы сольны канцэрт народнай артысткі Беларусі Наталлі Гайды. Гэта яркая культурная падзея сабрала шматлікіх знатакоў высокага вакальнага мастацтва.

Перад позіркам гледачоў паўстала ўнікальная панарама – чароўныя мелодыі аперэты загучалі ў гістарычных інтэр’ерах сярэднявечнага замка, ствараючы непаўторны сінтэз сучаснай творчасці і багатай культурнай спадчыны Беларусі. У праграме канцэрта прагучалі творы такіх майстроў жанру, як Ж.Оффенбах, I.Кальман, Ф.Легар, I.Дунаеўскі, Ю.Семянякі, а таксама рамансы кампазітараў-класікаў – П. Чайкоўскага, С. Рахманінава на вершы А. Пушкіна, К. Севяраніна.

Пышнае выканальніцкае майстэрства Наталлі Гайды, яе пранікнёная падача і тонкае пачуццё стылю ў спалучэнні з велічнымі інтэр’ерамі Мірскага замка стварылі яркае і незабыўнае ўражанне на публіку. Канцэртная праграма была па-майстэрску падтрымана лаўрэатамі міжнародных конкурсаў-канцэртмайстрамі Таццянай Панасюк і Андрэем Тышко.

Гэта знакавая культурная падзея аб’яднала даўніх прыхільнікаў творчасці Наталлі Гайды і знатакоў гісторыка-архітэктурнай спадчыны Беларусі, падарыўшы ўсім незабыўныя музычныя перажыванні.