Адкрыццё выставы «Казачныя сны»

2024-06-04

З 1 чэрвеня 2024 г. на мансардзе Паўночнага корпуса палаца ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір» пачала працу часовая экспазіцыя графікі эстампнай майстэрні Генадзя Вяля «БРЕСТ-ХУДОЖКА-PRINT» «Казачныя сны».

Вяль Генадзь Ігаравіч  настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, мастак-графік, член Беларускага саюза мастакоў. На працягу 40 гадоў працаваў у сістэме пачатковай мастацкай адукацыі, выкладаў асновы друкаванага майстэрства (эстампа) у Дзіцячай школе выяўленчых мастацтваў ім. А.А. Алонцава г. Брэста. Пад яго кіраўніцтвам у эстампнай майстэрні «БРЕСТ-ХУДОЖКА-PRINT» юнымі мастакамі выканана вялікае мноства выдатных гравюр, адзначаных прызамі, дыпломамі і ўзнагародамі гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў-конкурсаў дзіцячай мастацкай творчасці ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Балгарыі, Сербіі, Японіі.

У часовай экспазіцыі прадстаўлена 57 гравюр і 61 экслібрыс як самога Г.І. Вяля, так і яго вучняў: Абраменка В. «Сямейны альбом», Крынко В. «Легенды ВКЛ», Сімонік А. «Ф. Скарына. Шлях пазнання», Галавач Н. «Пад крыламі анёла», Вячорка А. «Тэатральная муза», Прахіна К. «Чарада стагоддзяў», Праліска Д. «Памяць», Сталярчук А. «Брэсцкая Біблія», Вяль А. «Казачныя сны» і многія іншыя. Аб’ядноўвае працы даследчая цікавасць да дэталяў побыту, гістарычнага касцюма, рэканструкцыі падзей, а лірычным рэфрэнам гучыць тэма кахання, абярэга і абароны, выява анёла-апякуна.

У вітрынах наведвальнікі таксама змогуць убачыць матэрыялы для стварэння гравюр: аўтарскія друкаваныя формы з арганічнага шкла і спецыяльную іголку для стварэння выяў.

Часовая экспазіцыя «Казачныя сны» прадоўжыць працу да 28 чэрвеня 2024 года.

Уваход на часовую экспазіцыю па білетах у музей.