Адкрыццё часовай экспазіцыі «Літургічнае аблачэнне. Арнат як твор мастацтва»
2024-07-15
14 ліпеня пачала працу выстава «Літургічнае аблачэнне. Арнат як твор мастацтва». Гэта сумесны праект музея «Замкавы комплекс «Мір» і УК «Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі».
Цэнтральнае месца на выставе адведзена арнату – верхняму літургічнаму ўбору рымска-каталіцкага духавенства, які прадстаўляе сабой багата ўпрыгожанае адзенне без рукавоў. Ён апранаецца зверху на іншую літургічную вопратку і з’яўляецца самай прыгожай яго часткай. Колер арната абумоўлены характарам літургічнага часу і святкавання. На выставе можна будзе ўбачыць арнаты фіялетавага і бардовага колераў, карычнева-ружовага з раслінна-кветкавым арнаментам, залацістага з сінімі ўстаўкамі, блакітнага з буйным раслінным арнаментам, упрыгожаныя вышыўкай, пацеркамі, срэбнымі карункамі. Гэтыя дзіўнай прыгажосці творы мастацтва XVIII –пачатку ХХ стагоддзяў паўстануць нябачнай ніткай, якая злучае свецкую і рэлігійную культуры ў адной з залаў Усходняга корпуса палаца.
Правядзенне ў Мірскім замку часовай экспазіцыі, прысвечанай літургічнаму ўбору каталіцкіх святароў, невыпадковае. У сапраўдны момант замкавы комплекс «Мір» аб’ядноўвае ў сабе дзве сакральныя прасторы: каталіцкую (капліцу Святога Хрыстафора, размешчаную на другім ярусе ўязной вежы) і праваслаўную (царкву-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх, размешчаную ў пейзажным парку).
Каталіцкая капліца была заснавана ў канцы XVI стагоддзя князем Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам па мянушцы Сіротка, які быў выхаваны ў традыцыях пратэстантызму, але ў 1566 годзе ў Рыме перайшоў у каталіцтва. Алтар у капліцы прысвечаны Святому Хрыстафору, які з’яўляецца заступнікам падарожнікаў і якога каталіцкая царква ўспамінае 25 ліпеня.
Усяго на выставе прадстаўлена больш за 30 арыгінальных экспанатаў.
Уваход – па квітках у музей.
Месца правядзення – Слановая зала.
Выстава працягне працу па 11 жніўня 2024 года.
0+