Адкрыццё часовай экспазіцыі «Прагулкі па старым горадзе»

2023-09-14

14 верасня 2023 г. у Інфармацыйнай зале Паўночнага корпуса музея «Замкавы комплекс «Мір» пачала працу часовая экспазіцыя «Прагулкі па старым горадзе», прымеркаваная да Дня народнага адзінства.

У экспазіцыі прадстаўлены 79 паштовак з відамі гарадоў Гродна, Ліды, Навагрудка, Слоніма перыяду 1900–1930-х гадоў з фондаў УК «Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі» і ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір».

Яшчэ сто гадоў таму амаль забытая ў наш час паштоўка была галоўным сродкам камунікацыі на адлегласці. А краявідныя фотапаштоўкі на памяць або як запрашэнне да падарожжа карысталіся вялікай папулярнасцю.

З прадстаўленых на часовай экспазіцыі паштовак самая старая датуецца 1895–1904 гадамі. На ёй выява Ваеннага клуба ў Гродне, які размяшчаўся ў Новым замку. Таксама наведвальнікі змогуць убачыць паштоўкі, выдадзеныя ў Расійскай імперыі, Германіі, Польскай Рэспубліцы ў 1900–1930 гг. Кадры захавалі сапраўдную атмасферу губернскага горада пачатку ХХ стагоддзя: агульны выгляд вуліц і плошчаў з гараджанамі, будынкі банка і пошты, чыгуначны вакзал, старажытныя замкі і храмы, некаторыя з якіх у цяперашні час ужо страчаны. Асобным блокам прадстаўлены паштовыя карткі, якія адлюстроўваюць горад часоў Першай сусветнай вайны, зробленыя ў Гродне акупацыйнымі войскамі.

Экспазіцыя ўяўляе цікавасць для знаўцаў гісторыі сваёй краіны, усіх, хто цікавіцца яе мінулым, а таксама філатэлістаў і філакартыстаў. Менавіта такія старадаўнія паштовыя карткі дапамагаюць узнавіць былое аблічча гарадоў, скласці археалагічныя карты для захавання архітэктурна-археалагічных помнікаў і вывучэння гістарычнай тапаграфіі беларускіх гарадоў.

Часовая экспазіцыя «Прагулкі па старым горадзе» працягне працу да 12 кастрычніка 2023 г.

Уваход вольны.