Віртуальная выстава «Без тэрміну даўнасці»

2022-05-10

З 10 мая па 15 жніўня 2022 г. у Інфармацыйнай зале музея працавала фотадакументальная выстава «Без тэрміну даўнасці», прымеркаваная да Года гістарычнай памяці і прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Аснову часовай экспазіцыі складалі гістарычныя дакументы, фатаграфіі, матэрыялы, якія выкрываюць злачынствы нацызму. Яны былі сабраны Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, пракуратурай Карэліцкага раёна, Карэліцкім раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, супрацоўнікамі Карэліцкага раённага краязнаўчага музея і музея «Замкавы комплекс «Мір».

У выніку генацыду на тэрыторыі БССР загінула каля 3 млн чалавек, каля 400 тысяч вывезена ў Германію, знішчана звыш 9 тысяч сёл і вёсак, спалена 209 гарадоў. 628 населеных пунктаў Беларусі былі сцёртыя з зямлі разам з жыхарамі.

Масавае знішчэнне людзей было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі і сродкамі: прымяняліся расстрэлы і шыбеніцы, газавыя камеры і спальванне, голад і холад, распаўсюджванне эпідэмій, невыносная фізічная праца, іншыя метады і сродкі.

У Карэліцкім і Мірскім раёне, якія ўваходзілі ў склад Баранавіцкай вобласці, было спалена 38 вёсак, 12 з іх поўнасцю. Так, у вёсцы Ярэмічы было расстраляна 79 мірных жыхароў, спалена 60 дамоў; у вёсцы Новае Сяло ў агні знішчаны 241 мірны жыхар, спалена 95 дамоў.

Аснову разумення генацыду беларускага народа ў гады нацысцкай акупацыі даюць дакументы Баранавіцкай абласной камісіі, Карэліцкай раённай камісіі, Мірскай раённай камісіі па садзейнічанні ў рабоце Дзяржаўнай Надзвычайнай Камісіі (акты, пратаколы допытаў сведак, спісы населеных пунктаў, знішчаных падчас вайны, фотаздымкі і шмат іншага).

Нацысты стварылі на акупаванай тэрыторыі БССР сістэму турмаў і канцэнтрацыйных лагераў. Адзін з іх быў адкрыты ў 1942 г. за 18 км ад г. Баранавічы ў вёсцы Калдычэва. Тут паводле афіцыйных звестак, расстралялі, павесілі, закатавалі, атруцілі газам звыш 22 тысяч чалавек. Ахвярамі Калдычэўскага канцлагера былі актывісты савецкай улады, ваеннапалонныя, яўрэі, цыганы, а таксама вялікая колькасць палякаў, каля 100 каталіцкіх святароў, у тым ліку і ксёндз Мікалаеўскага касцёла ў Міры Антоній Мацкевіч.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў г. Мір было знішчана больш за 2900 чалавек, у асноўным, гэта мясцовыя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці. У пасляваенныя гады на месцах масавых расстрэлаў былі ўстаноўленыя памятныя знакі.

Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе савецкіх грамадзян, беларусаў, асоб іншых нацыянальнасцей і этнічнай прыналежнасці, якія знаходзіліся на тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца данінай памяці загінуўшым.