Часовая экспазіцыя «Жыццё без межаў»
2024-12-03
У Інфармацыйнай зале ўстановы «Музей «Замкавы комплекс «Мір» працуе часовая экспазіцыя «Жыццё без межаў», прысвечаная мастацтву і творчасці людзей з асаблівымі патрэбамі.
На выставе прадстаўлена больш за дваццаць работ падапечных ДУ «Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Вяча» Ярышова Аляксея і Кныш Ніны – удзельнікаў майстэрні мастацкай творчасці «Вясёлка ідэй», кіраўніцтва якой ажыццяўляецца інструктарам па працоўнай тэрапіі Лойка Таццянай.
Большасць работ Ніны выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу. Яна піша выдатныя нацюрморты і пейзажы. Аляксей аддае перавагу працаваць у жанры партрэта, пейзажу і анімалістыкі. Некаторыя карціны мастакоў могуць здацца трохі загадкавымі. Аднак, кожная асобная праца – гэта не проста карціна, гэта выраз сілы духу, натхнення і імкнення да самавыяўлення. Наведвальнікі змогуць убачыць працы, прасякнутыя эмоцыямі, мужнасцю і ўнікальным поглядам на свет, што робіць выставу асабліва значнай у кантэксце міжнароднага дня, прысвечанага правам і падтрымцы людзей з інваліднасцю.
Часовая экспазіцыя «Жыццё без межаў» працягнецца па 19 студзеня 2025 г.
Уваход вольны.
0+