Журналісты з ААЭ ў Мірскім замку

2019-08-08

7 жніўня 2019 г. Мірскі замак наведалі прадстаўнікі кампаніі «K Kompany Media Solutions» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Гэтая кампанія займаецца вытворчасцю медыяматэрыялаў і з’яўляецца адной з найбуйнейшых на Сярэднім Усходзе. Для журналістаў быў арганізаваны рэкламны тур па Беларусі. У першыя два дні журналісты паспелі наведаць санаторый «Альфа Радон», а таксама музей «Замкавы комплекс «Мір», дзе ім давялося адчуць сябе сапраўднымі князямі. Не абыйшлося і без майстар-класа па танцах, які праз некаторы час стане часткай прэзентацыйнага фільма. Прадэгусціраваўшы ў рэстаране «Княскі двор» стравы нацыянальнай кухні, журналісты адправіліся на беларускія балоты, каб на свае вочы ўбачыць, як растуць журавіны. Таксама госці з ААЭ на адной з аграсядзібаў павучацца чысціць бульбу, церці яе, каб прыгатаваць дранікі.

Візіт арабскай тэлекампаніі «K Kompany Media Solutions» адбыўся ў нашу краіну невыпадкова. Беларуская амбасада і Нацыянальнае турыстычнае агенцтва прапанавалі замежным карэспандэнтам зняць ролік або паўнавартасны фільм, які б адказваў на пытанне «Чаму неабходна наведаць Беларусь?». І, здаецца, аргументаў «за» ў гасцей з-за мяжы сабралася на самой справе шмат. У арсенале арабскіх журналістаў маецца ўжо дзевяць тэлевізійных праграм, якія распавядаюць пра Фінляндыю, Аўстрыю, Швейцарыю, Партугалію і інш. Варта адзначыць, што ўсе перадачы робяцца ў лёгкім для ўспрымання гледачоў фармаце з элементамі гумару, які не дае магчымасці засумаваць падчас прагляду.

Па матэрыялах газеты «Полымя».

Фота Вікторыі Касцюк.