ХІV Карэліцкія краязнаўчыя чытанні

2021-12-16

16 снежня 2021 г. супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір» прынялі ўдзел у ХІV Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях, арганізатарамі якіх выступіў Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт.

Падчас правядзення канферэнцыі адбылася прэзентацыя зборніка навуковых артыкулаў «Карэлічы і Карэліцкі раён: рэгіянальныя асаблівасці развіцця Х–ХХ стст.: Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі». Аляксандр Доўнар назваў яго папулярнай і навуковай кнігай, якая ўвабрала ў сабе пытанні геаргафіі, культуры, гісторыі, археалогіі. Выданне будзе цікава для чытачоў і знаходзіцца ў бібліятэках і школах. Навейшыя даследаванні навукоўцаў адзначыла дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Арцюх. Кнігу атрымалі 13 бібліятэк раёна, і яе змогуць прачытаць усе жадаючыя.
Намеснік дырэктара музея «Замкавы комплекс «Мір» Вольга Навіцкая паведаміла аб тым, што ў сувенірнай лаўцы ўстановы маецца гэтая кніга, і ў ёй шмат артыкулаў пра Мірскі замак. Выказала спадзяванне, што ў далейшым будуць адкрыты новыя старонкі гісторыі.

Супрацоўнікі аддзела па навуковай рабоце музея «Замкавы комплекс «Мір» таксама мелі магчымасць выступіць з дакладамі. Наталля Кавалевіч паведаміла аб продажы маентка Карэлічы ў канцы XIX ст., а Вераніка Красоўская расказала аб выхаванні і адукацыі князя Дамініка Гераніма Радзівіла (1786–1813).

Падчас правядзення канферэнцыі была арганізавана выстава кніг «Карэліччына: любы мой край», а таксама былі прадстаўлены вырабы Карэліцкага раённага Дома рамёстваў.

http://www.polymia.by/2021/12/u-karelichax-adbylisya-xiv-krayazna%d1%9echyya-chytanni/