Выстава «Народжаныя ў карунках. Хрышчаныя на шаблях»

2020-08-15

14 жніўня 2020 г. у Слановай зале Мірскага замка адбылося адкрыццё выставы з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага «Народжаныя ў карунках. Хрышчаныя на шаблях».

Выстава прысвечана традыцыям абраду хрышчэння ў XVII–XIX стст. на тэрыторыі Еўропы, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Наведвальнікі змогуць убачыць хрысцільныя наборы і сукенкі XVIII–XIX стст., дзіцячыя чэпчыкі, аздобленыя шклярусам, пацеркамі і расшытыя бліскаўкамі, сярэбраныя бразготкі, лялькі таго перыяду часу і шмат іншага. Асобным блокам прадстаўлены падарункі, якімі адорвалі немаўля і яго бацькоў у сувязі з гэтай знамянальнай падзеяй.

Значным дадаткам на выставе з’яўляюцца беларускія абразы, датаваныя XIX ст.

Асаблівай увагі заслугоўвае тэма карункапляцення. На выставе можна ўбачыць знакамітыя італьянскія карункі XVIII ст., выкананыя ў тэхніцы рацічэла, карункі «gros point de Venese» XVIII–XIX ст. і г.д.

Выстава будзе доўжыцца да 28 лютага 2021 г.

Кошт квітка для дарослага – 3 руб., для школьнікаў і студэнтаў – 1 руб. 50 кап.