Выстава «Без тэрміну даўнасці» ў Лукскай сярэдняй школе

2023-01-31

З 13 снежня 2022 г. па 31 студзеня 2023 г. фотадакументальная музейная выстава «Без тэрміну даўнасці», прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, была прадстаўлена ў Лукскай сярэдняй школе.

З 2001 г. на базе гэтай школы дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб «Віцязь» (кіраўнік клуба – Уладзімір Уладзіміравіч Матусевіч). Такая патрыятычная накіраванасць у рабоце дала свой плён: за апошнія 7 гадоў 21 выпускнік школы вырашыў звязаць сваё жыццё са службай у сілавых структурах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Выстава была прадстаўлена ў Пакоі баявой славы, дзе дэманструюцца медалі ваеннага перыяду, юбілейныя, а таксама іншыя ўзнагароды, звязаныя са значнымі гістарычнымі падзеямі, ваенная форма салдат і афіцэраў розных часоў: паўсядзённая салдацкая гімнасцёрка, парадны салдацкі кіцель узору 1943 г., парадная форма афіцэра ўзору 1955 г. і многае іншае.

Час усё далей аддзяляе нас ад трагічнай і гераічнай старонкі ў гісторыі нашай Радзімы – Вялікай Айчыннай вайны. Для сучасных дзяцей – гэта невядомыя старонкі мінулага. Каб захаваць памяць у спадчыннікаў аб гэтай гісторыі, аб воінскай славе, гонару, абавязку, арганізоўваюцца і праводзяцца падобныя мерапрыемствы.