Завяршэнне працы часовай экспазіцыі

2022-10-31

З 22 верасня па 31 кастрычніка 2022 г. на 3-м паверсе Паўночнага корпуса Мірскага замка праходзіла часовая экспазіцыя «Гадзіны ідуць, і дні, і гады…», на якой былі прадстаўлены кішэнныя гадзіннікі ХІХ–ХХ стст. з фондаў Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль».

Кішэнныя гадзіннікі, што носяць ў кішэні камізэлькі або штаноў, звычайна, мелі металічны ланцужок для зручнага вымання гадзінніка і захавання ад выпадзення.

Першыя ўзоры кішэнных гадзіннікаў з’явіліся яшчэ ў XVI ст. і былі хутчэй прадметам раскошы, чым прыладай для дакладнага вымярэння часу. Замест шкла ў іх выкарыстоўваўся скураны чахол. Шкло на цыферблаце з’явілася толькі ў ХІХ ст.

У пач. ХХ ст. мужчыны яшчэ не спяшаліся насіць гадзіннік на запясці, аднак поле бою ўнесла свае праўкі. Да Першай сусветнай вайны нашэнне наручнага гадзінніка было справай жанчын. З куродыму бітваў на франтах з'явіліся «траншэйныя гадзіннікі» – салдаты атрымлівалі іх у якасці неабходнай амуніцыі, паколькі карыстанне кішэнным гадзіннікам у баявых умовах было ўскладнена.

На выставе былі прадстаўлены 48 кішэнных гадзіннікаў вядомых і зараз ва ўсім свеце гадзіннікавых майстэрняў: швейцарскія Doxa, FAVOR, Omеga, HERA, нямецкія Junghans і Ruhla, амерыканскія WALTHAM і ELGIN і многія іншыя.

Дарэвалюцыйны перыяд вытворчасці кішэнных гадзіннікаў у Расіі прадстаўлены папулярнымі мадэлямі «Павел Бурэ», «Генры Мозер», перыяд СССР – мадэлямі Чэлябінскага і Чыстапольскага гадзіннікавых заводаў, Дзяржтрэста Тачмех.

Гэтыя вытанчаныя аксэсуары падкрэслівалі статус чалавека ў грамадстве, яго дастатак, а цяпер старадаўнія гадзіннікі – маўклівыя захавальнікі гісторыі і сямейных традыцый, у якіх ёсць асаблівая сіла, што дазваляе па-іншаму зірнуць на сам час.