Святись, святись, великий день...

2023-03-29

29 сакавіка 2023 г. у музеі «Замкавы комплекс «Мір» пачала працу часовая экспазіцыя «Свяціся, свяціся, вялікі дзень…», на якой прадстаўлены велікодныя паштоўкі і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХІХ–ХХ стст. з фондаў Установы культуры "Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі".

Вялікдзень, або Светлая Хрыстова Нядзеля, з’яўляецца адным з самых важных і вялікіх хрысціянскіх святаў, у якога ёсць свае асаблівыя звычаі і традыцыі.

Пачынаючы з XIX ст., стала вельмі папулярным віншаванне родных і сяброў з Вялікаднем пры дапамозе паштовак з выявай анёлападобных дзяцей, кулічоў, відаў вясновай прыроды, запаленых свечак, велікодных пачастункаў і інш. На некаторых паштоўках замест малюнкаў змяшчалі фотаздымкі, якія можна было раздрукаваць у друкарні або фотаатэлье і адправіць па пошце. Рэвалюцыя 1917 г. паклала канец гэтай светлай велікоднай традыцыі абмену паштоўкамі. Толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны яна паступова пачала адраджацца: велікодныя паштоўкі, выпушчаныя невялікім накладам, можна было купіць у царкоўных крамах. Канчатковае вяртанне традыцыі дарыць на Вялікдзень паштоўкі адбылося толькі ў канцы 1980-х гг.

На часовай экспазіцыі  прадстаўлена 66 велікодных паштовак, выпушчаных у Расіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Германіі, Літве і іншых краінах. Самыя раннія паштоўкі датаваныя пачаткам ХХ ст., а самая позняя з прадстаўленых у экспазіцыі – 1990 г.

Яшчэ адным старадаўнім велікодным звычаем з’яўлялася дарэнне размаляваных яек, якія выраблялі з розных матэрыялаў: дрэва, каменя, шкла, металу, фарфору, фаянсу і г.д. Памеры рукатворных паўтаралі ўсю разнастайнасць памераў натуральных яек. Буйныя велікодныя яйкі рабілі падвяснымі на стужцы з пышным бантам для ўпрыгожвання хатніх кіётаў. Мініяцюры ў памер яйка малінаўкі стваралі ювеліры з каштоўных металаў і камянёў як жаночыя ўпрыгожванні.

У экспазіцыю ўвайшлі 18 парцалянавых, фаянсавых, шкляных, драўляных размаляваных яек, а таксама велікодных яек, упрыгожаных рознакаляровым бісерам. 

Азнаёміцца з часовай экспазіцыяй наведвальнікі змогуць па 28 красавіка 2023 г.

Уваход па квітках у музей.