Свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»

2020-06-24

20 чэрвеня 2020 г. у другі раз музей «Замкавы комплекс «Мір» стаў пляцоўкай для правядзення свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку». Урачыстае адкрыццё пачалося залпам з гарматы, а затым гісторыя замка была расказана падчас тэатралізаванага прадстаўлення самімі ўладальнікамі ў Сталовай ізбе пад суправаджэнне Народнага ансамбля старадаўняй музыкі «Кантрданс».

Выдатным дадаткам праграмы свята сталі выставы «Памяці мястэчка» (карціны Юрыя Крупянкова), «500 гадоў. Мастацтва, кніга, мастацтва кнігі»,«Беларускі EXLIBRIS: ад БССР да незалежнай Беларусі», выставы эстонскай кніжнай ілюстрацыі Віівэ Наор і дзіцячай кніжнай ілюстрацыі Валерыя Славука, дэманстрацыя паштовак і кніг Уладзіміра Ліхадзедава, а таксама кніг, прысвечаных Мірскаму замку і ў цэлым Беларусі .

Галоўнай падзеяй другой паловы свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» стаў круглы стол на тэму «Замкавы комплекс «Мір» – аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА». Другая частка круглага стала была прысвечана выдавецкім праектам.