Святочны канцэрт

2022-07-02

Напярэдадні Дня Незалежнасці ва ўнутраным дворыку Мірскага замка 2 ліпеня адбыўся святочны канцэрт.

Увазе гледачоў была прадстаўлена праграма, падрыхтаваная студыяй «On-Line» – адным з найлепшых дзіцячых вакальных калектываў горада Баранавічы.

Вакальная студыя была заснавана ў 2013 годзе. На працягу многіх гадоў юнакі і дзяўчаты ўдасканальваюць сваё вакальнае майстэрства, асвойваюць сучасныя вакальныя тэхнікі, спрабуюць сябе ў розных музычных стылях сучаснай музыкі, займаюцца сцэнічным майстэрствам. Вакалісты студыі не раз станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў-фестываляў, таксама ўдзельнікамі розных кастынгаў і праектаў. Самыя яркія вакалісты студыі ўдзельнічалі ў паўфінале Дзіцячай новай хвалі, прадстаўлялі Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім этапе «Славянскі базар Віцебск».

У 2016 годзе вакальная студыя «On-Line» атрымала званне «Узорны дзіцячы вакальны калектыў Рэспублікі Беларусь», і ўнесена ў рэестр лепшых аматарскіх дзіцячых калектываў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, за поспехі ў творчасці, канцэртную дзейнасць і папулярызацыю нацыянальнай культуры. Рэпертуар студыі разнастайны, у яго ўваходзяць песні беларускіх аўтараў, сучасныя дзіцячыя песні, замежныя і айчынныя хіты.