Падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве

2022-11-14

Музей «Замкавы комплекс «Мір» прадставіў свой культурны патэнцыял 10–12 лістапада 2022 года на навукова-практычнай канферэнцыі «Une vie de château. Жыццё ў сядзібе і вакол яе» ў Гатчыне пад Санкт-Пецярбургам.

Супрацоўнікі музея Вольга Навіцкая, Ігар Лажачнік, Таццяна Кожух, Наталля Кавалевіч і Алена Дзяніс у сваіх выступленнях ахапілі самыя разнастайныя тэмы: рэстаўрацыю Мірскага замка, яго музеефікацыю і прыстасаванне пад шматфункцыянальны комплекс, правядзенне гісторыка-архіўных пошукаў па маёнтку Замір’е, аналіз мэблі з фондаў музея, а таксама змаглі пагрузіць прысутных у атмасферу былых стагоддзяў праз прадстаўленне модных тэндэнцый у адзенні па захаваных фотаздымках уладальнікаў Мірскага замка і жыхароў мястэчка Мір у канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзяў.

Таксама ў працы канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», музея-сядзібы М.К. Агінскага і музея «Лошыцкая сядзіба».

Знакавай падзеяй гэтага мерапрыемства стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж музеем «Замкавы комплекс «Мір» і Дзяржаўным музеем-запаведнікам «Гатчына», якое адкрывае новыя магчымасці і стварае новыя напрамкі ўзаемадзеяння па рэалізацыі цікавых сумесных праектаў, арыентаваных на вывучэнне і папулярызацыю гісторыі дзвюх краін.