Адкрыццё выставы напярэдадні 8 сакавіка

2021-03-06

6 сакавіка 2021 года ў выставачнай зале Мірскага замка пачынае сваю працу выстава жывапісных работ Юдэля Пэна «Цудоўнае адлюстраванне. Жаночы партрэт к. XIX – пач. XX ст.» з фондаў УК «Віцебскі абласны краязнаўчы музей».

Створаная мастаком галерэя самых розных жаночых партрэтаў пранікнутая асаблівай сардэчнасцю. У сваіх работах Ю. Пэн паслядоўна дэманструе свой ідэал жаночай прыгажосці, у адпаведнасці з якім ён стварае жаночы вобраз з нацыянальнымі, мясцовымі рысамі. Яго жанчыны зусім не выключныя: гэта звычайныя віцебскія дамы і паненкі, якіх так шмат сустракаў майстар на вуліцах горада. Ні адзін з жаночых партрэтаў Пэна не пазбаўлены любавання мастаком сваёй мадэллю. Тонка адчуваючы прыгожае, Ю.М. Пэн разумеў, што менавіта праз жаночы вобраз, просты, праўдзівы і цудоўны, магчыма ўспрыманне і адлюстраванне навакольнага свету ў кантэксце пазачасавых маральных і эстэтычных катэгорый.

Наведвальнікі выставы змогуць убачыць 25 партрэтных і пейзажных жывапісных твораў Юдэля Пэна, якія з’яўляюцца ўзорам высокапрафесійнага мастацтва к. XIX – пач. XX стагоддзяў.

Выстава будзе доўжыцца да 21 мая 2021 г. Уваход на выставу па квітках у музей.