Абмен вопытам музейнай працы

2022-06-15

Супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір» 15 чэрвеня 2022 г. наведалі Сядзібна-паркавы комплекс XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх.

Маёнтак у Чырвоным Беразе ў Жлобінскім раёне – фантастычная сядзіба Беларусі, падобная на замак з дзіцячых сноў, была пабудавана ў 1893 г. Сядзіба выдатна захавалася. У цяперашні час можна ўбачыць сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, спіртзавод і цудоўны парк у англійскім стылі.

Вонкавае аблічча сядзібнага дома ўпрыгожваюць шатры веж, мансардныя дахі. А ўнутраныя залы – гэта свайго роду даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры. Тут спалучаюцца элементы больш за дзесяць стыляў – гатычны і раманскі, ракако, маньерызм, барока, класіцызм…

У 1 км ад сядзібы знаходзіцца ўнікальны помнік-мемарыял, прысвечаны дзецям, на долю якіх выпала Вялікая Айчынная вайна. Гэты мемарыял аб скрадзеным вайной дзяцінстве.

У Чырвоным Беразе гітлераўцы стварылі зборны пункт для дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, якіх сілком адбіралі ў маці. Усяго немцы павезлі ў Германію 1990 дзяцей. Праект помніка створаны творчай майстэрняй Л.М. Левіна, заслужанага архітэктара Беларусі, Лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўных прэмій.

Акрамя гэтага, супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір» у гэты дзень змаглі наведаць унікальны перасоўны музей «Цягнік Перамогі», які 15 чэрвеня прыбыў на станцыю «Жлобін». Гэта першая ў свеце імерсіўная інсталяцыя, размешчаная прама ў вагонах. Галоўная асаблівасць – гэта не застылы ў часе цягнік з мінулага, а паўнавартасны састаў, у якім можна пагрузіцца ў гісторыі рэальных герояў Вялікай Айчыннай вайны. Здзіўляюць трохмерныя панарамы, б’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, нават пахі і механічныя спецэфекты, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці.