Міжнародны навукова-практычны семінар

2022-11-17

15–17 лістапада 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь праходзіць Міжнародны навукова-практычны семінар «Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў».

У мерапрыемстве бяруць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навукова-даследчых арганізацый, устаноў культуры і адукацыі, якія з’яўляюцца вядучымі экспертамі ў сферы аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Удзельнікі семінара з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана прадставілі асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі па захаванні культурнай спадчыны і ўнікальны вопыт сваіх дзяржаў па ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльных каштоўнасцей.

Урачыстае адкрыццё міжнароднага семінара і пленарнае пасяджэнне адбыліся 15 лістапада ў Штаб-кватэры Выканаўчага камітэта СНД у Мінску. 16 лістапада ўдзельнікі семінара працягнулі працу ў секцыях на базе аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – Замкавы комплекс «Мір».

У Слановай зале Мірскага замка адбылася прэзентацыя нематэрыяльнай культурнай спадчыны Карэліцкага раёна. Удзельнікі семінара азнаёміліся з тэхнікамі саломапляцення майстроў Веры Салдатавай і Святланы Гусаковай, тэхнікай выцінанкі майстра Таццяны Маклюк, занесенымі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Сваю творчасць прадставілі артысты народнага лялечнага тэатра «Батлейка», які плануюць уключыць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Перад удзельнікамі семінара таксама выступіў ансамбль «Цырынскія музыкі».

17 лістапада на базе мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў г. Мінску пройдзе прэзентацыя выкарыстання нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў музейнай дзейнасці, а таксама падвядзенне вынікаў міжнароднага семінара і падпісанне выніковай рэзалюцыі.

Па матэрыялах газеты «Полымя»