Міжнародны дзень музеяў 2023

2023-05-18

18 мая ва ўсім свеце святкуецца Міжнародны дзень музеяў. Замкавы комплекс «Мір» не застаецца ўбаку і вось ужо які раз пастараўся здзівіць сваіх наведвальнікаў.

У гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі праграму пад назвай «Музейнае пераўвасабленне». Як вядома, менавіта музеі выступаюць захавальнікамі памяці, месцамі, дзе ажывае мінулае. І мы пастараліся яго «ажывіць» у Мірскім замку 18 мая!

Усё дзеянне пачыналася ва ўнутраным дворыку, дзе замкавая гармата прывітала гасцей у 10.00, 12.00 і 15.00.

У палацавай частцы Паўночнага копруса наведвальнікаў музея чакаў чарговы сюрпрыз. У гэты дзень замест аглядных экскурсій былі праведзены экскурсіі з элементамі тэатралізацыі! Супрацоўнікі музея ў гістарычных касцюмах расказалі пра сакрэты княжацкай кухні, таемную мову веера і многае іншае.

Цырымоніймайстар замка ўвесь дзень нястомна навучаў старажытным танцам гасцей у Партрэтнай зале!

У 11.00, 12.00 і 16.00 усе ахвочыя змаглі асвоіць сакрэты вырабу выцінанак на мансардзе замка, дзе зараз праходзіць выстава народнай майстрыхі Беларусі Святланы Вяль. Майстар-клас правяла куратар выставы – навуковы супрацоўнік Вераніка Красоўская. Звычайныя лісты паперы ператварыліся ў цуда-птушак!

У другой палове дня, у 14.30, у Мірскім замку адбылася сапраўды знамянальная падзея! У экспазіцыйнай зале «Першыя ўладальнікі Міра» быў прадстаўлены новы экспанат, які непасрэдна звязаны з заснавальнікам замка – Юрыем Іллінічам! Металічная матрыца пячаткі была знойдзена ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. На матрыцы выразна бачны герб: на картушы тры бэлькі, даўжыня якіх памяншаецца зверху ўніз, над картушам – ініцыялы, дзве лацінскія літары: "І[erzy] І[linicz]". Па сваіх асаблівасцях матрыца датуецца першай паловай XVI ст. і, на думку даследчыкаў, належала ўладальніку Мірскага замка Юрыю Іванавічу Іллінічу.

У 17.00 былі падведзены вынікі конкурсу «Музейнае пераўвасабленне», які праходзіў у сацыяльных сетках. Сутнасць конкурсу заключалася ў тым, каб паўтарыць, выкарыстоўваючы фантазію і крэатыў, выяву галантнай сцэны ў стылі XIX стагоддзя, якая прадстаўлена на чайнай пары з калекцыі музея. Пераможцу ўручаем сертыфікат на 2 ўваходныя білеты ў музей з экскурсійным абслугоўваннем.

Арганізатары спадзяюцца, што гэты дзень пакінуў у памяці ўдзельнікаў яскравыя ўспаміны і эмоцыі. Супрацоўнікі музея ўпэўнены, што менавіта дзякуючы мерапрыемствам такога кшталту з’яўляецца ўнікальная магчымасць паказаць патэнцыял нашага музея. Таму нядзіўна, што найлепшыя супрацоўнікі ўстановы былі адзначаны ў гэты дзень граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.