Карункавыя ўзоры Святланы Вяль

2023-04-29

29 красавіка на мансардзе Паўночнага палаца Мірскага замка адкрылася часовая экспазіцыя выцінанак «Карункавыя ўзоры Святланы Вяль».

Святлана Вяль – член Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», народны майстар Беларусі па выцінанцы з 2022 г. Мастацтвам выразання карункавых узораў з паперы займаецца з 1996 г. А ўжо з 1998 г. майстрыха з’яўляецца пастаяннай ўдзельніцай шматлікіх мастацкіх выстаў, на якіх дэманструе сваі выцінанкі.

За час творчай кар’еры Святлана Вяль стварыла не адзін дзясятак твораў. Сюжэты яе работ: Дрэва жыцця, архітэктура роднага горада Брэста, традыцыйныя святы і абрады, прадметы дамашняга ўжытку, расліны і птушкі. Адметнай асаблівасцю выцінанак майстрыхі з’яўляюцца перш за ўсё іх паліхромнасць, а таксама адмыслова вырашаная аснова, на якой разгортваецца сюжэтнае дзеянне.

У выставачнай зале Мірскага замка будзе прадстаўлена 40 работ Святланы Вяль. Яны ўразяць наведвальнікаў сваёй вытанчанасцю, казачным перапляценнем фантазій і вітражнай шматкаляровасцю.

Часовая экспазіцыя выцінанак Святланы Вяль будзе працаваць да 28 мая 2023 г.

Уваход па білету ў музей.