Карціна юнай расійскай мастачкі перададзена ў дар музею

2023-10-20

Растоўскі патрыятычны рух «Дарогі славы – наша гісторыя» пры падтрымцы Рэспубліканскага творчага маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Прасоўванне моладзі» перадалі 19 кастрычніка 2023 г. у дар музею карціну «Атаман Мацвей Іванавіч Платаў» юнай расійскай мастачкі з Растова-на-Доне Соф’і Пятруцкай.

«Мастацтва валодае вялікай сілай уплыву», – адзначыла Ася Кампаніец, кіраўнік штаба «Дарогі славы – наша гісторыя». «Сёння мы ў чарговы раз пераканаліся, што культурныя сувязі паміж брацкімі рэгіёнамі Беларусі і Расіі мацнеюць з кожным днём», – адзначыў Андрэй Мяхедка, старшыня Рэспубліканскага творчага маладзёжнага грамадскага аб’яднання «Прасоўванне моладзі», намеснік старшыні Партызанскага раённага аддзялення г. Мінска беларускай партыі «Белая Русь».

Мацвей Іванавіч Платаў – генерал ад кавалерыі, таленавіты палкаводзец, самы славуты атаман Данскога казацкага войска. З яго імем звязана бітва пад Мірам, якая адбылася 27–28 чэрвеня па ст.ст. (9–10 ліпеня па н.ст.) 1812 г., першы сур’ёзны ар’ергардны бой Айчыннай вайны паміж казачым корпусам 2-й Заходняй арміі і кавалерыйскай дывізіяй генерала Ражнецкага правага крыла войска Напалеона.