IV Нацыянальны форум «Музеі Беларусі»

2019-10-08

З 4 па 6 кастрычніка 2019 года Музей «Замкавы комплекс «Мір» прымаў удзел у IV Нацыянальным форуме «Музеі Беларусі», які стаў пляцоўкай для прафесійнага ўзаемадзеяння беларускай музейнай супольнасці, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні музейнай дзейнасці ў Беларусі і свеце, дэманстраваліся новыя падыходы і дасягненні, рыхтаваліся сумесныя праекты.

Акрамя экспазіцыйнай пляцоўкі, у рамках форуму працавала дзелавая праграма. Сваё бачанне развіцця музейнай справы прадставілі спецыялісты з Арменіі, Беларусі, Кітая, Латвіі, Расіі, Украіны.

У рамках дэманстрацыйнай праграмы форуму ўдзельнікі ў інтэрактыўнай, тэатралізаванай, віртуальнай форме прадставілі як свае ўстановы, так і новыя культурна-адукацыйныя праекты.

У ходзе работы форуму былі падведзены вынікі конкурсу ў пяці намінацыях: за навацыі ў музейнай дзейнасці, за лепшыя экспазіцыйна-выставачны праект, культурна-адукацыйную праграму, музейнае выданне, а таксама лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму. Журы форуму ўзначалілі Ханс-Марцін Хінц – старшыня навуковага кансультатыўнага савета Музея Судзецкага нямецкага архіва (г. Мюнхен), член Савета дырэктараў і Савета папячыцеляў Фондаў Курта Энгельхорна (г. Мангейм) і параўнальнай еўрапейскай гісторыі (г. Бамберг), і Марзалюк Ігар Аляксандравіч – доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы.

Музей «Замкавы комплекс «Мір» быў адзначаны Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «За лепшае музейнае выданне» (Калектыўная манаграфія «Князья Витгенштейны и их владения в XIX веке», Зборнік дакументаў і матэрыялаў «Мір Радзівілаў: замак, мястэчка, графства (1568–1813)», Каталог міжнароднай выставы «ULTIMA RATIO REGUM. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII стст.») і Дыпломам журы ў намінацыі «За лепшы экспазіцыйна-выставачны праект» (Міжнародны выставачны праект «ULTIMA RATIO REGUM. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII стст.»).