Этна-фэст «У Міры пякуць бліны»

2021-03-17

13 сакавіка 2021 года ва ўнутраным дворыку Мірскага замка і каля яго сцен прайшоў этна-фэст «У Міры пякуць бліны». Масленіцу спрадвеку сустракаюць у Беларусі гарой бліноў, гульнямі ды забавамі.

Гаспадары свята пастараліся на славу: бліны з варэннем, павідлам, ліверам, салам, смятанай, ікрой і мёдам, піражкі з капустай, мясам і бульбай. Пах зёлкавай гарбаты напаўняў паветра.

Жадаючыя прынялі ўдзел у традыцыйных масленічных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Свой спрыт дарослыя і дзеці дэманстравалі ў конкурсах «Збі збан», «Забі цвік», біліся мяшкамі з саломай і бегалі навыперадкі з патэльнямі.

Завяршылася свята спальваннем чучала. Лічыцца, што разам з агнём адыйдзе і зіма.