Дабрачынны вечар «Калядная зорка»

2019-12-23

20 снежня 2019 г. у Партрэтнай зале Мірскага замка адбыўся Калядны дабрачынны вечар «Калядная зорка», у якім прынялі ўдзел вядомыя айчынныя дызайнеры, члены грамадскага аб’яднання «Беларуская палата моды».

Напярэдадні зімовых святаў дызайнеры стварылі ўнікальную калекцыю навагодніх упрыгожванняў, натхнёных гісторыяй і легендамі Мірскага замка, якімі ўпрыгожылі навагоднюю елку ў самай прыгожай зале замка. Акрамя гэтага госці мерапрыемства пакінулі падарункі для дзяцей, якім так не хапае ўвагі і ласкі. Прэзенты адправяцца выхаванцам установы «Журавіцкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця» ў Гомельскай вобласці і ў Дзяржаўную ўстанову адукацыі «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна».

З 21 снежня па 19 студзеня кожны наведвальнік Мірскага замка можа далучыцца да дабрачыннай акцыі, пакінуўшы пад навагодняй елкай свой падарунак.

Выканаўшы дабрачынную місію, дызайнеры з задавальненнем станчылі польку-тройку, паланэз і менуэт.