Вівальдзі, чароўны арэх і начная экскурсія: у Мірскім замку адгрымеў Калядны баль

2025-01-12

Дзе можна ўбачыць больш за сто дам і кавалераў, апранутых у шыкоўныя ўборы мінулых стагоддзяў, якія сабраліся, каб атрымаць асалоду ад атмасферы эпохі? Вядома ж, на Калядным балі ў Мірскім замку, які ў гэтым годзе прайшоў з асаблівым размахам і чараўніцтвам.

Перад пачаткам мерапрыемства ўсім дамам былі ўручаны бальныя кніжачкі, у якіх яны маглі адзначаць танцы з кавалерамі. Пасля прывітальнага слова дырэктара музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандра Часлававiча Лойка, баль адкрыўся ўрачыстым паланэзам.

На працягу вечара працаваў гульнявы салон, дзе ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць свае сілы ў такIх гульнях як тру-мадам, шахматы, алькерк, гусь і іншых. На балі таксама навучыліся танцаваць галоп, конскі бранль, падэграс і менуэт – танцы мінулых эпох, якія выклікалі захапленне ва ўдзельнікаў.

Аркестр і салісты Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла «Санорус» радавалі ўсіх сваімі нумарамі, ствараючы ўтульную і цёплую атмасферу, а шоу-балет «Феерыя» ўражваў гледачоў грацыяй і элегантнасцю.

Нечаканым сюрпрызам стаў «Чароўны арэх», з якога з’явілася прыгожая дзяўчына-балерына. Гэты момант стаў кульмінацыяй вечара.

Начная экскурсія па цёмных залях замка дадала інтрыгі і містыкі ў праграму бала. Госці з нецярпеннем чакалі адкрыцця таямніц старых сцен і гісторый, якія яны захоўваюць.

Завяршыўся вечар узнагароджаннем лепшых пар вечара і традыцыйным паланэзам, які стаў фінальным акордам гэтага незабыўнага мерапрыемства. Апладысменты гледачоў яшчэ доўга не замаўкалі, падкрэсліваючы высокі ўзровень арганізацыі бала.

Многія пары прыйшлі на баль не ўпершыню, але было дастаткова і тых, хто дэбютаваў у такіх урачыстасцях. Госці адзінагалосна адзначалі: «Балы ў Мірскім замку – лепшыя ў Рэспубліцы Беларусь! Яны душэўныя, атмасферныя і сапраўдныя».