Культурная і духоўная спадчына на пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях

2021-04-22

26 красавіка 1986 г. адбылася адна з самых страшных тэхнагенных катастроф ХХ стагоддзя – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Трагедыя закранула не толькі лёсы людзей, але яшчэ і мноства месцаў, якія ператварыліся ў чорныя плямы на мапе Беларусі. На адселенай тэрыторыі да аварыі знаходзілася 1283 помніка гісторыі, 97 помнікаў архітэктуры. Пра некаторыя мы сёння ўспомнім.

Вёска Дземянкі (Добрушскі раён, Гомельская вобласць)

Вёска Дзем’янкі згадваецца ў летапісе ў 16 стагоддзі, але людзі тут пасяліліся намнога раней. Даследчыкі знайшлі тут дзве стаянкі часоў неаліту, а таксама прылады працы, элементы ляпной керамікі, больш за 800 крамянёвых вырабаў. У гэтым жа месцы размяшчаюцца старажытныя курганныя могілкі, на якіх налічылі 159 курганоў (некаторыя вышынёй больш за два метры, а дыяметрам больш за 12!). Дарэчы, тут выявілі адзіны на ўсёй тэрыторыі радзімічаў некропаль. 

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Дзем’янкі апынуліся ў Расійскай імперыі і ў сярэдзіне XIX стагоддзя становяцца ўласнасцю Герардаў, якія паходзілі з латвійскіх дваран. Масіўны палац Герардаў, які быў пабудаваны ў псеўдарускім стылі, нібы выступаў сярод лесу і быў своеасаблівым куточкам цывілізацыі і культуры. 

Вакол сядзібы была водная сістэма, праз якую Герард пабудаваў мост. У тыя часы мост быў вельмі прыгожы, яго шырыня складала сем метраў. 

Пасля рэвалюцыі 1917 г. Герарды з’ехалі ў Фінляндыю і больш не вярталіся. Пасля гэтага ў сядзібе быў дзіцячы дом, падчас Другой сусветнай вайны асабняк гарэў, але быў адноўлены адразу ж пасля вайны. У 1970 г. ён зноў быў знішчаны пажарам, але больш не рамантаваўся. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС нанесла апошні, зруйнавальны ўдар.

Вёска Самацэвічы (Касцюковіцкі раён, Магілёўская вобласць)

Самацэвічы згадваюцца яшчэ ў 1585 г. У XIX стагоддзі ў мястэчку былі вятрак, бальніца, бровар, запалкавая фабрыка, на якой працавала шэсць чалавек, а таксама карчма, габрэйскія крамы, заезны дом. Мястэчка славілася сваімі ганчарамі, кавалямі і было вядома маштабнымі кірмашамі. У той час вёска належала Івану Галынскаму. Па яго ініцыятыве ў 1842 г. была пабудавана ў псеўдарускім стылі царква Святой Тройцы. Вышыня ад падлогі да купала – каля 30 метраў. 

У савецкі час царква была зачынена і ператворана ў збожжасховішча, а затым і зусім у лядоўню, дзе захоўвалі тушы забітых калгасных жывёл. Пасля аварыі на ЧАЭС людзі былі выселеныя, і ў вёску сталі наведвацца чорныя капальнікі, якія панеслі усё, што маглі б перанесці, а пасля падпалілі царкву.

У гэтай вёсцы нарадзіўся вядомы беларускі паэт Аркадзь Куляшоў. У 1984 г. Літаратурны музей імя Аркадзя Куляшова заснавалі на радзіме паэта, але ўжо праз два гады ў музеі амаль не стала наведвальнікаў – у «зону» ездзілі неахвотна. Яшчэ праз чатыры гады музей перанеслі ў Касцюковіцкі краязнаўчы музей. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёска была выселена ў новы пасёлак, названы Новыя Самацевічы.

Пакінутыя ў зоне адчужэння прадметы побыту і сялянскі інвентар уяўляюць не меншую цікавасць. У Беларусі і ва Украіне ў 1990-х гадах былі арганізаваны дзяржаўныя экспедыцыі па вывучэнні пакінутай культурнай спадчыны. У ходзе работы Дзяржаўнай гісторыка-культурнай экспедыцыі па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ў раёнах, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у 1990-я гады было вывезена каля двух тысяч прадметаў матэрыяльнай культуры. Зараз гэтыя рэчы захоўваюцца ў аддзеле старажытнабеларускай культуры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і складаюць асобную «Чернобыльсую калекцыю».

Таксама Чарнобыльская катастрофа аказала непапраўны ўплыў на нематэрыяльную спадчыну. Людзі былі вымушаныя пакідаць свае родныя мясціны. У горадзе абрады, песні хутка забываліся. У 2015 г. удзельнікі праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі» (http://www.nashapamiac.org/cachesearch?id=2&page=6) сабралі калекцыю вусных успамінаў людзей, чые жыцці былі змененыя Чарнобылем. Уся калекцыя даступная на сайце архіва. У калекцыю ўваходзіць і запіс песень вёскі Бярозкі. Для таго, каб праглядаць ці праслухоўваць інтэрв’ю з архіву, трэба папярэдне зарэгістравацца на гэтым сайце.

Матэрыял падрыхтаваны па артыкулах Дз. Васьковіча «Покинутое наследие: исторические памятники Беларуси в зоне отчуждения», (https://ecoidea.by/ru/article/1365) і Я. Кавалева «Белорусский сектор Чернобыльской зоны как объект туризма: текущее состояние и перспективы использования» (https://elib.bsu.by/bitstream/123456789/214510/1/122-128.pdf)