Выстава «Арсенал: ваенная зброя ў гістарычным кантэксце»

2024-10-24

У выставачнай зале Паўночнага корпуса Мірскага замка прадстаўлены сумесны праект Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і музея «Замкавы комплекс «Мір» – часовая экспазіцыя «Арсенал: ваенная зброя ў гістарычным кантэксце».

Калекцыя зброі, даспехаў і вайсковага рыштунку Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея налічвае больш за 700 музейных прадметаў. Яна збіралася з самага заснавання музея ў 1920 г. Спачатку гэта былі разрозненыя, але даволі каштоўныя рэчы, якія паступалі ў музей галоўным чынам як падарункі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у Гродзенскі музей былі перададзены прадметы ўзбраення з канфіскаваных палацаў. У перыяд фашысцкай акупацыі ўстанова не дзейнічала, а частка калекцыі была разрабавана. У канцы 1940-х – 1950-х гг. у Гродзенскі музей было перададзена некалькі вялікіх комплексаў узбраення, якія ўключалі вернутыя з Германіі прадметы, вывезеныя гітлераўцамі падчас вайны, зброю, якой карысталіся савецкія партызаны, а таксама рэчы з Артылерыйскага гістарычнага музея ў Ленінградзе і Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Акрамя таго, Гродзенскі музей актыўна абменьваўся прадметамі ўзбраення і рыштунку з Ваўкавыскім і Кобрынскім музеямі, а таксама закупаў і прымаў як падарункі ад насельніцтва, галоўным чынам, халодную зброю. Збор прадметаў музейнага значэння працягваецца і па сённяшні дзень.

Часовая экспазіцыя «Арсенал: ваенная зброя ў гістарычным кантэксце», у асноўным, сабрана з прадметаў, якія захоўваюцца ў калекцыях Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Гэта халодная і агнястрэльная зброя, вайсковы рыштунак, вайсковыя мундзіры і іх элементы, а таксама ўзнагароды, жэтоны, кукарды і інш. Усе прадметы ахопліваюць перыяд XVIII–XIX стст., калі на палях бітваў ужо цалкам дамінавала агнястрэльная зброя, заснаваная на выкарыстанні чорнага дымнага пораху, але вельмі вялікую ролю працягвала адыгрываць і халодная зброя папярэдніх эпох – шаблі, палашы, пікі, пратазаны і інш. Гэта была эпоха крывавых і адначасова прыгожых бітваў, калі ў бой ішлі дзясяткі тысяч калярова апранутых пехацінцаў і кавалерыстаў, а салдаты выконвалі ролю своеасаблівага «дадатку» да стрэльбы.

Гэты час незваротна скончыўся са з’яўленнем сучасных вінтовак, кулямётаў, буйнакалібернай і далёкасяжнай артылерыі. Эпоха «прыгожых» і «шляхетных» войнаў назаўсёды скончылася на палях бітваў Першай сусветнай вайны.

Часовая экспазіцыя, на якой прадстаўлена звыш 140 прадметаў з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і музея «Замкавы комплекс «Мір», застанецца ў сценах Мірскага замка на цэлы год і скончыць сваю працу восенню наступнага года.

Уваход на часовую экспазіцыю па квітках.

Кошт: для дарослых – 5 бел.руб., для школьнікаў і студэнтаў – 3 бел.руб., дашкольнікі – бясплатна.