Завяршыла працу выстава абразоў з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея

2023-12-10

10 снежня 2023 г. завяршыла працу ў царкве-пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх часовая экспазіцыя «Выстава абразоў з фондаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея», адкрыццё якой адбылося 11 лістапада 2023 г.

На 17 абразах перыяду XIX – пач. XX стст., большасць з якіх выканана ў традыцыйнай тэхніцы – на дошцы тэмперай, былі прадстаўленыя Хрыстос Уседзяржыцель, Маці Божая, Мікалай Цудатворац і многія іншыя.

Значнасць абразоў у рэлігійным свеце вялікая. Яны нагадваюць пра Бога як пра той Першавобраз, па падабенстве якога створаны кожны чалавек. Багаслоўская значнасць абразоў абумоўлена тым, што яна маляўнічай мовай гаворыць аб тых дагматычных ісцінах, якія адкрыты людзям у Святым Пісанні і царкоўным Паданні. Са старажытнасці іх называлі «Бібліяй для непісьменных», «маляўнічым Евангеллем», «бязмоўнай пропаведдзю», «багаслоўем у фарбах».

Прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі абразы – гэта толькі невялікая частка калекцыі Карэліцкага раённага краязнаўчага музея. Іх шлях паступлення ў фонд – гэта і дар ад мясцовых жыхароў, і перадача тых абразоў, якія былі канфіскаваны пры спробе незаконнага правозу праз мяжу Рэспублікі Беларусь.