Завяршыла працу часовая экспазіцыя васкавых фігур

2023-12-10

10 снежня 2023 г. у Слановай зале завяршыла працу часовая экспазіцыя васкавых фігур «Тайная вячэра. Святыя заступнікі Айчыны», адкрыццё якой адбылося 1 мая гэтага года.

Для розных пакаленняў жыццё і ўчынкі выбітных людзей з’яўляюцца каштоўнасным арыенцірам у жыцці, прыкладам духоўнага пошуку і сапраўднай любові да Чалавека і Айчыны. Акрамя ваенных і духоўных подзвігаў, яны вядомыя і неацэнным укладам у асвету і культуру.

Васкавыя фігуры князя Уладзіміра і княгіні Вольгі, Аляксандра Неўскага, Еўфрасінні Полацкай, Серафіма Сароўскага, А.С. Пушкіна, Ф.М. Дастаеўскага і іншых вядомых людзей былі прадстаўленыя ў экспазіцыі.

Наглядныя прыклады з жыцця вялікіх падзвіжнікаў дазваляюць асэнсаваць маральныя прынцыпы, прыроду ўнутранай барацьбы Чалавека паміж дабром і злом, атрымаць натхненне для спраў міласэрнасці і подзвігу.

Тэматычным акцэнтам экспазіцыі стала кампазіцыя «Тайная вячэра», выкананая па матывах аднайменнага роспісу Леанарда Да Вінчы. Фігуры Хрыста і апосталаў, якія сядзяць за сталом, былі прадстаўлены ў натуральнай велічыні, што дазволіла гледачам у рэальнасці адчуць сваю прысутнасць на гэтым таямнічым дзеянні.