Выстава “На адным полі ваяры”

2020-04-23

З 23 красавіка 2020 года ў музеі “Замкавы комплекс “Мір” у мансарднай частцы Паўночнага палаца пачала працаваць выстава “На адным полі ваяры”, якая аб’ядноўвае творчасць мастака Ігара Гардзіёнка і скульптара Сяргея Аганава, звязаныя агульнай тэмай – гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.

Паслядоўны шэраг партрэтаў прадстаўляе вялікіх князёў літоўскіх. Мастак Ігар Гардзіёнак выкарыстоўвае арыгінальную тэхніку жывапісу на дрэве, набліжаную да старажытнай іканапіснай (па ляўкасе). Спалучэнне з брутальнымі элементамі з металу ў партрэтах гаспадароў сярэднявечнай дзяржавы стварае намінку на рыцарскі рыштунак.

 Спецыяльна для  Мірскага замка мастак Ігар Гардзіёнак выканаў партрэт заснавальніка і першага ўладальніка  Юрыя Іванавіча Іллініча, які паказаны у сцэне палявання. На жаль, да цяперашняга часу не вядома, як на самой справе выглядаў Юрый Ільініч, таму мастак прадстаўляе гледачам зборны вобраз і дае магчымасць самаім ўявіць той час і падзеі, якія  папярэднічалі будаўніцтву Мірскага замка.

Скульптар Сяргей Аганаў – аўтар пяці ўсталяваных у Беларусі помнікаў гістарычнага зместу. У экспазіцыі дэманструюцца станкавыя варыянты здзейсненых праектаў (у тым ліку “Анастасія Слуцкая” 2016 г., “Давыд Гарадзенскі” 2017 г., “Гедымін”, усталяваны ў 2019 г. у Лідзе) з розных матэрыялаў – бронзы, жалеза, чыгуна, граніта, мармура.   Скульптурныя творы алегарычна апавядаюць пра абарону межаў сярэднявечнай краіны.

“На адным полі ваяры” – гэта мастацкі праект, які няспынна развіваецца некалькі гадоў і мяняе свой змест у сувязі з местам прадстаўлення. Выявы першых вялікіх князёў літоўскіх, пачынаючы ад караля Міндоўга, знайшлі сваё месца ў сталай экспазіцыі Лідскага замка. Наведвальнікі выставы ў Мірскім замку ўпершыню ўбачаць новыя партрэты ўладцаў, на чыё панаванне прыйшлося развіццё Міра з невялікага паселішча да мястэчка і цэнтра Мірскага графства: ад князя Жыгімонта Кейстутавіча да вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста.

Выстава працягнецца да 31 ліпеня 2020 года.

Уваход па квітках у музей.