Святочнае мерапрыемства да Дня народнага адзінства ў Мірскім замку

2021-09-17

16 верасня 2021 г. напярэдадні свята Дня народнага адзінства, сцены Малой канферэнц-залы Мірскага замка сабралі навучэнцаў 1 курса Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа на лекцыю «Тое, што нас яднае».

Асноўныя мерапрыемствы былі праведзеныя 17 верасня.

А 10 гадзіне ў Інфармацыйнай зале Паўночнага корпуса пачала працу фотавыстава Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фотаклуба «Гродна» пад назвай «Беларусь – наш агульны дом». На выставе прадстаўлены 14 работ, якія адлюстроўваюць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, галоўная ідэя якога захоўваць нацыянальную самабытнасць, адначасова ўмацоўваючы адзінства і сяброўства.

Ідэя фестывалю цесна пераплятаецца з гісторыяй мястэчка Мір, дзе на працягу многіх стагоддзяў жылі ў згодзе людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў: католікі, праваслаўныя, пратэстанты, юдэі, мусульмане. Стракатасць канфесійнага складу стварала асаблівы ўклад жыцця мястэчка, што сведчыць пра асаблівую талерантнасць беларускага народа.

А 12 гадзіне працягнуў праграму мерапрыемстваў святочны канцэрт «Пад мірным небам – на Мірскай зямлі» пры ўдзеле творчых калектываў Карэліцкага раёна.

Пасля гэтага госці адправіліся ва ўнутраны двор, дзе прагучаў урачысты стрэл з гарматы, які азнаменаваў адкрыццё ў гэты дзень яшчэ адной выставы пад назвай «Маўклівыя сведкі эпохі замкаў: засцерагальныя элементы ўзбраення XVI–XVIII стст.».