Адкрыццё часовай экспазіцыі «Вялікая княгіня Вольга Аляксандраўна. Усё жыццё як на палатне»

2024-03-21

21 сакавіка 2024 года ў Слановай залі музея «Замкавы комплекс «Мір» прайшло адкрыццё часовай экспазіцыі «Вялікая княгіня Вольга Аляксандраўна. Усё жыццё як на палатне» з Аўтаномнай установы культуры Варонежскай вобласці «Гісторыка-культурны цэнтр «Палацавы комплекс Альдэнбургскіх», якая была створана пры фінансавай падтрымцы ААТ «Расійскія чыгункі».

У аснову выставы ляглі лісты вялікай княгіні Вольгі Аляксандраўны да брата, імператара Мікалая II, і пляменніцам, дзённікавыя запісы і мемуарная літаратура. Фатаграфіі з асабістага архіва Яе Імператарскай Высокасці, дзіцячыя малюнкі і карціны, створаныя ў наступныя гады, паштоўкі па малюнках Вольгі Аляксандраўны, якія з’яўляюцца своеасаблівымі ілюстрацыямі да эпісталярнай спадчыны вялікай княгіні, дазваляючы зірнуць на падзеі жыцця вачыма сучасніка, лепш зразумець дні доўгага і складанага яе жыцця.

Пляцоўка для правядзення гэтай часовай экспазіцыі выбрана невыпадкова. Члены імператарскай сям’і цесна былі знаёмыя з прадстаўнікамі роду князёў Святаполк-Мірскіх, апошнімі ўладальнікамі Мірскага замка. Унучатая пляменніца князя Мікалая Іванавіча Святаполк-Мірскага – Соф’я Іванаўна Арбеліяні была фрэйлінай і блізкай сяброўкай імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, жонкі Мікалая II. Нявестка князя, Марыя Аляксандраўна Святаполк-Мірская, на эміграцыі вяла перапіску з Марыяй Фёдараўнай і яе дачкой Ксеніяй.

Жыццё Вольгі Аляксандраўны, апошняй рускай вялікай княгіні, было напоўнена выпрабаваннямі, якія рэдка выпадаюць на долю чалавека. Але сваёй дабрынёй, сціпласцю, адвагай яна стала вышэй за ўсіх жахаў, прыгатаваных ёй XX стагоддзем. Яна была дабрачынцам шматлікіх школ, бальніц, курсаў, таварыстваў, а ў Першую сусветную вайну стала простай сястрой міласэрнасці.

З ранняга дзяцінства зацікавіўшыся жывапісам, Вольга Аляксандраўна на працягу ўсяго свайго жыцця ніколі не пераставала пісаць карціны. Яе працы сапраўдныя і жывыя, здольныя адлюстраваць і шчаслівыя моманты ціхамірнага адпачынку з дамачадцамі, і прыгажосць пейзажаў, і вытанчанасць кампазіцый з кветкамі. Ніколі не маркотная, простая, пакорлівая і светлая. Яна ўмела бачыць прыгажосць у паўсядзённым, была удзячная за кожны новы дзень – такой яна паўстае ў сваіх працах. У эміграцыі дом Вольгі Аляксандраўны стаў цэнтрам для ўсіх, хто падзяліў горкі лёс выгнання. Княгіня працягвала сваю дабрачынную дзейнасць і там: карціны яе пэндзля выстаўляліся ў некалькіх еўрапейскіх сталіцах, а сродкі ад продажу ішлі на дапамогу рускім эмігрантам, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Дапоўнілі часовую экспазіцыю арыгінальныя прадметы XIX – пачатку ХХ стагоддзяў з фондаў музея «Замкавы комплекс «Мір» і прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага.

Выстава Палацавага комплексу Альдэнбургскіх «Вялікая княгіня Вольга Аляксандраўна. Усё жыццё як на палатне» упершыню прадстаўлена ў Рэспубліцы Беларусь. Яна працягне сваю працу ў музеі «Замкавы комплекс «Мір» па 2 мая 2024 года.

Уваход па квітках у музей.

https://www.sb.by/articles/vystavka-posvyashchennaya-velikoy-knyagine-olge-otkrylas-v-mirskom-zamke.html