Новая экскурсія для дзяцей

2022-04-21

У першы дзень вясновых канікул музей «Замкавы комплекс «Мір» прэзентаваў новую тэматычную экскурсію «Падарожжа ў часе» для дзяцей малодшага школьнага ўзросту па асноўнай музейнай экспазіцыі.

Сама назва падказвае, што гэта займальнае пагружэнне ў мінулае, падчас якога дзеці, разважаючы, фантазіруючы, выяўляючы творчыя здольнасці, робяць для сябе мноства вялікіх і малых адкрыццяў. Незабыўныя ўражанні яны атрымліваюць, пачуўшы дыялог будаўнікоў Мірскага замка, які «захавалі» 500-гадовыя сцены, і дыялог кухмістара і кухаркі, падчас якога раскрываюцца сакрэты прыгатавання некаторых прысмакаў для дзяцей у тыя далёкія часы.

«Гукі і галасы з мінулага» напаўняць уяўленне дзяцей на працягу ўсёй экскурсіі. Менавіта яны дапамагаюць з лёгкасцю пагрузіцца ў свет музыкі праз даўно забытыя мелодыі, навучыцца адрозніваць па гуку такія музычныя інструменты, як дуда, лютня, віёла ды гамба і спінет. Ёсць магчымасць таксама развучыць адзін з сярэднявечных танцаў пад назвай «Маразуля».

Такая экскурсія спадабаецца і сямейным групам, якія вырашылі наведаць Мірскі замак са сваімі дзецьмі.

Працягласць – 70 хвілін. Колькасць удзельнікаў да 20 чалавек у групе.

Кошт – 40 бел.руб.

Даведкі па тэлефонах: +375159636270, +375159636290.