Гарнітур у стылі «Людовіка XV»

2021-10-13

Экспазіцыю Партрэтнай залы дапоўніў мэблевы гарнітур, выкананы ў стылі «Людовіка XV», які складаецца з чатырох крэслаў і канапы.

Крэслы з шырокай прамой спінкай адносяцца да тыпу «каралева»  (le fauteuil à la Reine, la chaise à la Reine). Падлакотнікі крэслаў ў стылі Людовіка XV крыху разведзеныя ў бакі, як быццам рыхтуюцца прыняць вас у свае абдымкі. Мэбля гэтага стылю лепш за ўсё падыходзіць для стварэння прыватнай атмасферы даверу, камфорту, выгоды і элегантнасці. Абіўка, выкананая са светлай тканіны з раслінным дэкорам у выглядзе букетаў кветак, выраблена на вядомых мануфактурах Францыі.

Гарнітур быў набыты ў прыватнага калекцыянера і пасля правядзення работ па падрыхтоўцы да экспанавання заняў годнае месца ў пастаяннай экспазіцыі музея.