Дзень праваслаўнай кнігі

2024-03-14

У Дзень праваслаўнай кнігі 14 сакавіка 2024 г. а 15 гадзіне ў Гродзенскай абласной бібліятэцы імя Я.Ф. карскага адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля XVI ст. Ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіў музей «Замкавы комплекс «Мір».

У прэзентацыі прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, святары Гродзенскай епархіі, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Клімовіч, начальнік Галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык, супрацоўнікі музеяў і бібліятэк. Музычнае афармленне мерапрыемства было падрыхтавана Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь Народным камерным жаночым хорам УА «Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж» (мастацкі кіраўнік — Марына Шарэйка).

Факсімільнае выданне Жухавіцкага Евангелля XVI ст. падрыхтавана тыражом 99 экзэмпляраў з захаваннем усіх асаблівасцей арыгінала. Першы экзэмпляр быў перададзены музеем «Замкавы комплекс «Мір» у царкву Раства Іаана Прадцечы ў Малыя Жухавічы ў верасні 2023 г.

Першыя пісьмовыя згадкі пра Жухавічы датуюцца сярэдзінай XV ст. У 1512 г. яны былі набыты Юрыем Іванавічам Іллінічам, заснавальнікам Мірскага замка, і ў 1569 г. увайшлі ва ўладанні Радзівілаў.

Згодна з запісам, які захаваўся на адным з аркушаў рукапісу, Евангелле ў кастрычніку 1733 г. знаходзілася ў царкве с. Малыя Жухавічы. Гэта значыць, што рукапіс мае беларускае паходжанне. Невядомы час перамяшчэння рукапісу ў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (дзейнічаў у 1921–1945). У Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Жухавіцкае Евангелле апынулася не пазней за 1947 г.

Культурны праект «Даследаванне і факсімільнае выданне помніка беларускага пісьменства Жухавіцкага Евангелля XVI ст.» з фондаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук быў ініцыіраваны музеем «Замкавы комплекс «Мір» у рамках работы Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей.

Вынікі праекта дазволяць не толькі працягнуць плённае навуковае вывучэнне Жухавіцкага Евангелля, але і шырока рэпрэзентаваць яго як выдатны узор кніжнай культуры і кніжнага мастацтва Беларусі.