Выстава «Вялікае Кніжнае Люстэрка»

2019-06-15

15 чэрвеня 2019 г. у рамках  правядзення Свята кнігі «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» адбылося адкрыццё выставы «Вялікае Кніжнае Люстэрка», на якой прадстаўлены кнігі Радзівілаўскай бібліятэкі з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, работы сучасных беларускіх мастакоў-графікаў у жанры экслібрыса. Асобнае месца на выставе заняў Статут ВКЛ 1588 года з фондаў Музея гісторыі горада Магілёва, які прадстаўлены ў Мірскім замку ўпершыню. Статут Вялікага Княства Літоўскага больш за 250 гадоў з’яўляўся асноўным зводам законаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы, і Украіны. Ён замацоўваў ідэю рэлігійнай талерантнасці і абараняў інтарэсы жыхароў краіны незалежна ад іх веравызнання. У XVII–XVIII стст. ён быў перакладзены на польскую, лацінскую, украінскую, нямецкую, французскую і рускую мовы.

Кнігі Радзівілаўскай бібліятэкі з фондаў ЦНБ НАН Беларусі – адзін з самых вялікіх і захаваўшыхся на тэрыторыі Беларусі кніжных збораў. У яго складзе больш за тры з паловай тысячы друкаваных і рукапісных дакументаў. Тэматыка выданняў адрозніваецца вялікай разнастайнасцю, закранае розныя сферы чалавечага жыцця. Кнігі вылучаюцца вытанчанасцю і якасцю аздаблення з шырокім выкарыстаннем рэнесанснай графікі, заставак, фігурнай ксілаграфіі.

На пярэдні форзац кнігі змяшчалі кніжны знак ці «экслібрыс», які першапачаткова складаўся з ініцыялаў уладальніка бібліятэкі.  З цягам часу экслібрыс перарос у вытанчаны мастацкі жанр і стаў прадметам калекцыяніравання. Работы сучасных беларускіх мастакоў-графікаў, якія прадстаўлены на выставе, разнастайныя па кампазіцыі і манеры выканання, але ўсіх іх аб’ядноўвае высокі мастацкі ўзровень і віртуозная тэхніка друкаванай графікі.

Наведаць выставу можна да 14 ліпеня 2019 года ўключна. Уваход – па квітках у музей.