«Шатландская пяхота» ў Мірскім замку

2017-09-18

16 верасня 2017 г. а 18 гадзіне ва ўнутраным дворыку Мірскага замка ўпершыню выступіў тэатр «Шатландская пяхота» са сваім захапляльным прадстаўленнем.

У сцен велічнага замка разгарнулася займальнае дзейства – паказальныя баі, гукі дуды, гарматныя залпы, адным словам – унікальны інтэрактыўны спектакль з удзелам самой публікі, якая даведалася пра побыт шатландскай пяхоты. Мала хто ведае, што ў часы Януша Радзівіла «шкоты» (менавіта так тады называлі шатландскіх імігрантаў, якія аселі ў Рэчы Паспалітай) знаходзіліся на ваеннай службе ў праслаўленых магнатаў. Некаторыя імігранты пры фінансавай дапамозе і апецы Радзівілаў займаліся навукай і мастацтвам.

У час прадстаўлення госці ўбачылі і пачулі пра тое, як гэтыя адважныя людзі жылі, любілі, змагаліся і паміралі. Удзельнікі клуба «Шатландская пяхота» паказалі свой арсенал зброі і майстэрства валодання ім, распавялі пра асаблівасці нацыянальнага касцюма, рысах характару жыхароў гор, іх традыцыях і культуры.