«СІМВАЛ НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ: АДРАДЖЭННЕ МІРСКАГА ЗАМКА»

2017-11-02

27 кастрычніка ў Мірскім замку адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 25-годдзю адкрыцця першай музейнай экспазіцыі, а таксама 30-годдзю ўключэння Мірскага замка ў склад Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь з 1993 г.) 

31 кастрычніка 1992 г. на шасці ярусах Паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка, які на той момант быў філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, былі ўрачыста адкрыты першыя музейныя экспазіцыі гісторыка-археалагічнага накірунку. З гэтай даты прайшла ўжо чвэрць стагоддзя, і ёсць магчымасць падвесці першыя вынікі: за 25 гадоў замак наведала каля трох мільенаў чалавек з розных краін. Гісторыя стварэння першага на Беларусі музея ў сценах сярэднявечнага замка была даволі доўгай, складанай, і яна цесна звязана з фарміраваннем незалежнасці Рэспублікі Беларусь, для якой Мірскі замак на той час стаў сваеасаблівым сімвалам адраджэння. 
Выстава «Сімвал незалежнай Беларусі: адраджэнне Мірскага замка» распавядае пра працэс музеефікацыі Мірскага замка. Прадстаўленыя ў пяці тэматычных блоках дзясяткі архіўных фотадакументаў, цікавы прадметны рад выставы ілюструюць гэты складаны шлях і акцэнтуюць увагу на працэс і вынік калектыўнай натхнёнай працы дзяржаўных дзеячаў і музейных работнікаў. 
У рамках урачыстых мерапрыемстваў быў праведзены круглаы стол «Рэстаўрацыя і музеефікацыя Мірскага замка: практыкі ўзаемадзеяння», а таксама адбылося выступленне салістаў Гродзенскай капэлы.