Партрэт Тэафіліі

2021-03-19

Мараўская, Старженьская, Радзівіл, Чарнышова ...

І гэта ўсё пра яе – Тэафілію Радзівіл (у дзявоцтве Мараўскую), партрэт якой прадстаўлены ў зале Радзівілаў.

Гэта творчая праца вядомага мастака-рэстаўратара, члена Беларускага саюза мастакоў і творчай майстэрні «Басталія» Ігара Кныша. Мастак выканаў партрэт у арыгінальнай манеры, надаўшы вялікую ўвагу дэталям. Прататыпам для стварэння вобраза паслужыла мініяцюра са збору Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу. Раней, па замове нашага музея, мастак выканаў копію партрэта Дамініка Радзівіла.

Стварэнне партрэта прымеркавана да знамянальнай падзеі –  шлюбу Тэафіліі і Дамініка Радзівіла, якое адбылося 15 сакавіка 1809 г. у Мінску ў касцёле Святога Іосіфа.

У наведвальнікаў музея ёсць унікальная магчымасць даведацца аб перыпетыях жыцця Тэафіліі і ў поўнай меры ацаніць мастацкія вартасці партрэта.

Карціна будзе экспанавацца да 1 красавіка 2021 г.