Культурныя акцыі «20MIR20»

2020-05-18

18 мая ва ўсім свеце святкуецца Міжнародны дзень музеяў. У гэтым годзе, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, усе культурныя акцыі, падрыхтаваныя музеем «Замкавы комплекс «Мір», прайшлі ў рэжыме on-line і былі прымеркаваныя да 20-годдзя ўключэння Замкавага комплексу «Мір» у Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА.

З 10.00 наведвальнікі музейных старонак у сацыяльных сетках Facebook, Вконтакте, Instagram змаглі далучыцца да віртуальнага флэшмобу з хэштэгам #20MIR20 і размясціць у сетцы Інтэрнэт фотаздымак, зроблены ў Мірскім замку ў перыяд з 2 снежня 2000 г. па сапраўдны момант.

Далей у 12.00 пачалася віртуальная экскурсія «20 крокаў па выставе “Зброя гонару і адвагі”», якую ў 15.00 працягнула on-line-прэзентацыя «20 самых цікавых і незвычайных гузікаў XVII – пачатку XIX стст. з калекцыі музея “Замкавы комплекс “Мір”».

А вось адказаць на пытанне «Гусь, Алькерк або Тру-мадам?» дапамог відэасюжэт, які быў прадстаўлены ў 17.00 у сацыяльных сетках Facebook, Вконтакте, Instagram. Гаворка ідзе пра папулярныя гульні XVI–XVIII стст. Аўтары 20-ага па ліку каментарыя з указаннем назвы найбольш упадабанай гульні ў вышэйпералічаных сацсетках атрымалі магчымасць згуляць у «Гуся», «Алькерк» або «Тру-мадам» пры наведванні музея «Замкавы комплекс «Мір».

Тэст на веданне дат і фактаў з найноўшай гісторыі Мірскага замка стаў выніковым 18 мая і быў выкладзены ў сетцы Інтэрнэт у 20 гадзін і 20 хвілін.