II міжнародны ваенна-гістарычны фестываль «МІР-1812»

2018-07-10

7–8 ліпеня 2018 г. у г.п. Мір адбыўся II міжнародны ваенна-гістарычны фестываль «МІР-1812». Каля 300 рэканструктараў з Беларусі, Польшчы, Расіі, Францыі ўзнавілі эпоху напалеонаўскіх войнаў і перанеслі ў пачатак XIX стагоддзя.

Цэнтральнай падзеяй фестывалю сталі гістарычныя рэканструкцыі. У адной арганізатары паказалі гледачам гарадской бой. У другой – фрагмент кавалерыйскай бітвы, якая адбылася ў ліпені 1812 г. паміж Рускай імператарскай арміяй і войскамі Напалеона недалёка ад Мірскага замка. Для гасцей фестывалю таксама былі арганізаваны майстар-класы па танцах, кірмашы майстроў, інтэрактыўныя пляцоўкі. Дакрануцца да высокага можна было ў салоне «Адам Міцкевіч запрашае ...», а ва «Французскім дворыку» можна было пакаштаваць слімакоў па-бургундску.

Днём – бітва, увечары – баль: вайну 1812 года яшчэ называюць «апошняй прыгожай вайной», калі жорсткія баталіі змяняліся бліскучымі балямі, а грукат бітвы – шумам кірмаша. Ампірны баль сабраў аматараў той эпохі ў раскошнай Партрэтнай зале Мірскага замка ўвечары 7 ліпеня. Праграма была цалкам падпарадкавана танцам, бо менавіта яны задавалі тон мерапрыемству. А для тых удзельнікаў рэканструкцыі, хто вярнуўся пасля бою і не паспеў трапіць на баль, ва ўнутраным дворыку з 21.00 да 23.00 быў арганізаваны творчы вечар.