Еўразійскі міжнародны фестываль культур

2018-06-22

21 чэрвеня 2018 года ў Мірскім замку адбыўся Еўразійскі міжнародны фестываль культур.

Фестываль распачаўся а 13 гадзіне ў Партрэтнай зале з цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу «Легальны гандаль – бяспечны свет» і лаўрэатаў Мастацкай прэміі БелБренд.

Адкрыты конкурс «Легальны гандаль – бяспечны свет» праходзіць у галіне літаратуры, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, відэа. Яго мэтай з’яўляецца распрацоўка і папулярызацыя інавацыйных падыходаў да выхавання ў моладзі непрымання кантрафактнай і пірацкай прадукцыі, разумення важных негатыўных эканамічных і сацыяльных наступстваў

нелегальнага гандлю. У ходзе правядзення конкурсу таксама вырашаюцца задачы падтрымкі маладых таленавітых аўтараў, іх самабытнасці і асобаснага росту.

Фіналісты і пераможцы гэтага конкурсу, а таксама лаўрэаты Мастацкай прэміі БелБренд былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі ад Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці «БелБренд».

Фестывальны дзень прадоўжыла Музычна-харэаграфічнае моднае шоу «Шлях да Беларусі» дызайнера Анастасіі Фальковіч, якое адбылося ва ўнутраным дворыку Мірскага замка з 16.00 да 17.00.

Анастасія Фальковіч – вядомы беларускі дызайнер, якая выкарыстоўвае ў сваіх работах фальклорную і гістарычную спадчыну беларусаў сумесна з маладым рэжысёрам Янам Клешчанка, пры падтрымцы калектываў «PAWA» і «Феерыя» прадстаўляюць замалёўку па матывах Музычна-харэаграфічнага моднага шоу «Шлях да Беларусі», прэм’ера якога адбудзецца ў верасні 2018 года.

У аснове шоу аповяд пра каханне маладога Пана да простай беларускі з глыбінкі. На іх шляху шмат перашкод, але яны пераадолеўшы ўсе цяжкасці, знаходзяць сваё шчасце. У праекце сплецены музыка ў народнай стылізацыі, харэаграфія і мода.

Канцэрт лаўрэатаў Міжнароднай музычнай прэміі ЕАЭС «BELBRAND AWARD» пачаўся ва ўнутраным дворыку ў 19.30.

Міжнародная музычная прэмія «BELBRAND AWARD» – гэта прафесійная пляцоўка для выяўлення маладых і таленавітых выканаўцаў у галіне класічнай музыкі з мэтай далейшага іх прасоўвання ў краінах ЕАЭС, Еўропы і свету. Еўразійскі сімфанічны аркестр створаны ў 2017 годзе. Ідэя яго стварэння належыць арганізатарам Прэміі «BELBRAND AWARD» і міжнароднага праекта «Еўразійскі міжнародны фестываль культур».

Еўразійскі сімфанічны аркестр сфарміраваны на аснове Удмурцкага дзяржаўнага сімфанічнага аркестра, у склад якога ўваходзяць як маладыя таленавітыя музыканты з розных краін, так і заслужаныя артысты Удмуртыі. Дырыжорам аркестра з’яўляецца вядучы дырыжор Рэспублікі Беларусь, ганаровы акадэмік Міжнароднай гуманітарнай акадэміі «Еўропа-Азія», прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Вячаслаў Віктаравіч Бартноўскі.

Разам з аркестрам 21 чэрвеня на сцэну падняліся лаўрэаты Прэміі «BELBRAND AWARD» з Беларусі, Сербіі, Італіі, Казахстана, Кіргізіі, якія падзяліліся сваёй творчасцю з усімі гасцямі Мірскага замка.

Прыемным завяршэннем фестывальнага дня стала прадстаўленне Фальклорна-музычнага шоу «Падарожжа па Няўрыдзе».

Беларускі фэнтэзі-фолк гурт «Nevrida» заснаваны ў лютым 2013 года салістам Паўлам Таіпавым. Назва была дадзена ў гонар магутнай краіны неўраў, якая некалі існавала на тэрыторыі цяперашняй Беларусі.

Творчасць калектыву – свайго роду эксперымент на тэму «а што было б, калі б сярэднявечныя менестрэлі вырашылі паспрабаваць сябе ў якім-небудзь з сучасных музычных стыляў».

Nevrida – удзельнік шматлікіх медыйных праектаў, конкурсаў і фестываляў Беларусі і за мяжой. У музычным арсенале групы ёсць песні на англійскай, беларускай, рускай і іншых мовах.

Яркім дадаткам праграмы стала выступленне Шоу-дуэта «Арбат» і ўладальніцы Спецыяльнага прыза Еўразійскага міжнароднага рэйтынгавага чэмпіянату па ўсходніх танцах сярод прафесіяналаў 2018 Мілены Вольскай.

Сюрпрыз ад арганізатараў шоу – выступленне ўдзельніцы тэлевізійнага праекта «Танцы на ТНТ», прадстаўніцы амерыканскага степа ў Беларусі Юліі Касьміной і калектыву TAP TAWN.