10-гадовы юбілей

2021-04-01

1 красавіка 2021 г. музей «Замкавы комплекс «Мір» адзначае 10-годдзе са дня ўтварэння ўстановы.

За 10 гадоў самастойнай дзейнасці музей прыняў звыш 2 млн 700 тысяч наведвальнікаў з розных краінаў свету, для якіх былі праведзеныя аглядныя і тэматычныя экскурсіі, музейныя квэсты і заняткі, экскурсіі з элементамі тэатралізацыі і дэгустацыі, экскурсіі на замежных мовах і інш.

Супрацоўнікамі музея за гэты перыяд было падрыхтавана 96 выстаў, у тым ліку 6 – міжнародных.

З 2011 г. за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў было набыта 1895 музейных прадметаў. На 1 красавіка 2021 г. рухомы фонд музея – гэта 2144  адзінак захоўвання асноўнага фонду, які складаецца з 14 калекцый, і 2594 адзінак захоўвання навукова-дапаможнага фонду. Храналагічныя рамкі калекцый музея ахопліваюць перыяд ХII–XX стст. Разам з помнікамі беларускай матэрыяльнай культуры ў зборы музея захоўваюцца прадметы заходнееўрапейскага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама краін Усходу.

На дадзены момант Замкавы комплекс валодае самай вялікай у краіне калекцыяй шпалераў XVI–XVIII стст. у колькасці 13 твораў.

У 2016 г. музей за ўласныя сродкі набыў паўнавартасную мастацкую калекцыю жывапісных твораў Радзівілаў XVIII–XIX стагоддзяў у колькасці 18 прадметаў, якая дапоўніла рэканструяваны інтэр’ер 1740–1750-гг. экспазіцыі “Партрэтная зала”.

У калекцыях музея таксама прадстаўлены 6 прадметаў, якія ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі «1», і 6 прадметаў катэгорыі «2», якія маюць у тым ліку непасрэднае дачыненне да гісторыі Мірскага замка.

Акрамя гэтага супрацоўнікі музея «Замкавы комплекс «Мір» праводзяць актыўную навукова-даследчую, культурна-масавую і выдавецкую дзейнасць.