brad-crumbs

МІЖНАРОДНАЯ ВЫСТАВА «Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст.»

2017-04-21
10:00

У сярэдзіне XVII – пачатку XVIII ст. Паўночна-Ўсходнюю Еўропу скаланула серыя зацяжных войнаў. Галоўнымі праціўнікамі ў іх былі Рэч Паспалітая, Швецыя і Расія, а важнейшай прычынай – імкненне да дамінавання ў акваторыі Балтыйскага мора з мэтай атрымання эканамічных і геапалітычных выгод. У навуковай літаратуры гэтыя войны прынята называць Паўночнымі. Беларускія землі апынуліся ў цэнтры ўзброенага супрацьстаяння вялікіх рэгіянальных дзяржаў, у выніку чаго пацярпелі каласальныя страты.

Сумесны міжнародны праект Музея “Замкавы комплекс “Мір” і трох буйных музеяў (Беларусі – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Літвы – Рэгіянальны музей Біржайскага края “Сэла”, Швецыі – Музей Арміі) атрымаў назву “Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст.”. Адна з галоўных задач выставы – распавесці шырокай беларускай аўдыторыі не толькі класічную гісторыю гэтых войнаў, а перадусім гісторыю людзей, грамадстваў, тагачасных супольнасцяў, дзяржаў, ваенных інстытутаў, ваеннай культуры і тэхналогій, іх цесную ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў. У яе лакальным (Балтыйскі рэгіён, ВКЛ, Мірскае графства) і агульным еўрапейскім кантэксце. Сумеснымі намаганнямі мы паспрабавалі скласці мазаіку складанага аповеду пра канфлікты эпохі і іх удзельнікаў.

Дэвіз Ultima ratio regum (лац. апошні довад каралёў) змяшчаўся на французскіх гарматах у часы Людовіка ХІІІ. Гэтым довадам лічылася вайна. Выраз быў вядомы і шырока выкарыстоўваўся ў XVII–XVIII стст. у многіх еўрапейскіх краінах, у большасці з якіх сфарміраваліся абсалютысцкія палітычныя рэжымы. У гэтую эпоху многае, у тым ліку войны, залежалі ад асабістай волі манархаў. Яскравым прыкладам вайны манархаў была Вялікая Паўночная вайна 1700–1721 гг., у якой адзін супраць аднаго ваявалі найбольш яркія ўладары эпохі: шведскі кароль Карл ХІІ, расійскі цар Пётр І і польскі кароль Аўгуст ІІ Моцны, але войны закраналі ўсіх: ад тых, хто спрабаваў атрымаць з іх пэўныя выгоды і дасягнуць нейкіх мэт, да тых, хто ў гэтай крывавай віхуры імкнуўся наўпрост выжыць і захаваць сваю маёмасць. Адчуць уздзеянне вайны на лёсы людзей дапамагае ўнікальны матэрыял па гісторыі Міра і Мірскага графства ў час Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721), адкрыты ў архівах Беларусі і Польшчы.

Наведвальнікам выставы прадстаўляецца ўнікальная магчымасць уявіць якім быў Мірскі замак і яго наваколле ў XVII–XVIII стст., а таксама азнаёміцца з непаўторнай гісторыяй Паўночных войнаў праз гравіраваныя партрэты і батальныя сцэны, планы і карты, медалі і манеты, гаспадарчыя рэчы, сцягі і прадметы раскошы, рэдкія артэфакты вайны і шараговыя побытавыя рэчы.

Музей

тэматычныя экскурсіі, тэатралізаваныя прадстаўленні, музейныя заняткі

Купiць бiлет

Гасцiнiца «Мiрскі замак»

16 нумароў, якія спалучаюць у сабе непаўторную раскошу інтэр’ераў і сучасны камфорт

Забранiраваць
Блiжэйшая падзея
24
чэр

Жывы канцэрт архаічных інструментаў "Час кахання"

Жывы канцэрт архаічных інструментаў "Час кахання"